Дата дня
5 красавіка 1793 году ў Рыме ў сям'і Мацея Радзівіла і яго жонкі графіні Альжбеты Хадкевіч нарадзіўся Канстанцін Радзівіл, адзін зь першых беларускіх фальклярыстаў, палітычны дзяяч і мэцэнат. Атрымаў у спадчыну маёнтак Паланэчка пад Баранавічамі, які дзякуючы Канстанціну Радзівілу стаў адным з культурных асяродкаў у краі.
Канстанцін Радзівіл быў сябрам Віленскай адукацыйнай камісіі, а таксама сябрам тайнай арганізацыі «Нацыянальнае масонства», Патрыятычнага таварыства. Пасьля задушэньня паўстаньня дзекабрыстаў быў арыштаваны расейскай уладай, але пасьля яго адпусьцілі. Быў камэргерам расейскага імпэратарскага двара, хаця і не імкнуўся зрабіць службовую кар’еру. Зьяўляўся куратарам і апекуном асьветы ў Менскай і Горадзенскай губернях, часопіса «Народ і час».
Канстанцін Радзівіл сабраў у Паланэчцы вялізную бібліятэку, калекцыю твораў мастацтва, запісваў мясцовыя гаворкі і зьбіраў фальклёр.
Таксама ў гэты дзень
1918 — Народны Сакратарыят БНР накіраваў канцлеру Нямеччыны Мэмарыял, у якім тлумачылася этнамоўная сытуацыя ў Беларусі (пасьля таго як 30 сакавіка беларуская мова была абвешчаная дзяржаўнай).
1936 — у Пінску ў будынку езуіцкага калегіюму адкрыўся Музэй беларускага Палесься.
1942 — партызаны занялі мястэчка Рудабелку (пас. Акцябарскі), якая да канца студзеня 1944 году была цэнтрам Рудабельска-Любанскай партызанскай зоны.
1972 — створаны Купалаўскі мэмарыяльны запаведнік у Вязынцы. Гэта адбылося пасьля аб’яднаньня вёсак Верамейкі, Гурнавічы і Сяледчыкі ў адну вёску Вязынка ў гонар 90-годзьдзя Янкі Купалы.
1990 — Вярхоўны Савет БССР абвясьціў 26 красавіка днём Чарнобыльскай трагедыі.
1992 — Босьнія і Герцагавіна заявіла пра выхад зь Югаславіі, пачалася аблога Сараева.
1996 — КДБ Беларусі арыштаваў паэта Славаміра Адамовіча за ягоны верш «Убей президента», зьмешчаны ў віцебскай газэце «Выбар».
У гэты дзень нарадзіліся
1908 — Гербэрт фон Караян, аўстрыйскі дырыгент.
1908 — Залман Гарэлік, геоляг, адкрывальнік радовішчаў калійных соляў.
У памяці
1989 — Сьцяпан Андруховіч, жывапісец.
2005 — Сол Бэлаў, амэрыканскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1976 году.