Ва Ўкраіне хочуць стварыць заканадаўчую базу для рэгуляваньня сацыяльных сетак. Яшчэ да вайны ва Ўкраіне забаранілі расейскія сацыяльныя сеткі «Одноклассники» і «Вконтакте».
«Украіна — сувэрэнная дзяржава, можа рабіць што заўгодна, не аглядаючыся на партнэраў. У нас ёсьць практыка блякаваньня сацыяльных сетак, звароты спэцыяльных службаў, пасяджэньні РНБА [Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны. — РС], указ прэзыдэнта, увядзеньне ў дзеяньне, судовыя працэсы, калі яны будуць», — сказаў дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Яраслаў Юрчышын у этэры ўкраінскай службы Радыё Свабода.
Яраслаў Юрчышын, які ўзначальвае парлямэнцкі камітэт у пытаньнях свабоды слова, дадаў, што Цэнтар супрацьдзеяньня дэзынфармацыі пры РНБА вызначыў цэлую сетку каналаў, якія прасоўваюць у ТіkТоk расейскую прапаганду.
«Рэакцыю ТікTok я ня чуў. Калі ТіkTok ня будзе рэагаваць і гэта будзе толькі ўзмацняцца, такая сытуацыя можа ўзьнікнуць. Пакуль што, я так разумею, улада не адчувае патрэбы гэта рабіць. Ну, і заўсёды спачатку лепш спрабаваць дамовіцца, чым адразу перажываць найбольш жорсткія захады», — дадаў Яраслаў Юрчышын.
Паводле яго, цяпер дэпутаты шукаюць магчымасьці заканадаўчага рэгуляваньня сеткі Telegram і іншых сацыяльных сетак.
«Гэта датычыць усіх сацыяльных сетак. Ідзе ў разрэзе DSA. То бок Digital Sector Act, які дзейнічае ў Эўрапейскім парлямэнце. То бок мы на шляху заканадаўчага рашэньня. Калі спэцслужбы ня будуць задаволеныя дынамікай, яны заўсёды могуць ісьці па сваім шляху», — адзначыў дэпутат.
Раней у этэры ўкраінскай службы Радыё Свабода старшыня парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях гуманітарнай і інфармацыйнай палітыкі Мікіта Патураеў заявіў, што Telegram можа знаходзіцца пад уплывам расейскіх спэцслужбаў і павінен рэгулявацца ўкраінскім заканадаўствам.
Шэраг краін ужо абмежавалі выкарыстаньне TikTok. Летась гэтую сетку забаранілі выкарыстоўваць на ўсіх прыладах Палаты прадстаўнікоў ЗША. У лютым 2023 году Канада абвясьціла пра забарону TikTok на ўсіх дзяржаўных мабільных прыладах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў ЗША прагаласавала «за» прыпыненьне працы TikTokTikTok — надзвычай папулярная сярод моладзі сацыяльная сетка, але ёсьць засьцярога, што Кітай можа выкарыстоўваць яе для збору зьвестак пра заходніх карыстальнікаў або для распаўсюду пракітайскіх наратываў і дэзынфармацыі. TikTok — уласнасьць кітайскай кампаніі ByteDance.