Пытаньне ў дачыненьні да тых, хто зьехаў з Беларусі, але працягвае наведвацца ў краіну, каб тут танна падлячыцца, будзе ўрэгулявана. Пра гэта Аляксандар Лукашэнка заявіў 2 красавіка на ўрачыстай цырымоніі закладкі капсулы на месцы будаўніцтва новай гарадзкой лякарні ў Горадні, піша БЕЛТА.
Зьвяртаючыся да жыхароў гораду, Лукашэнка ўзгадаў пра размову з былым мэрам Горадні некалькі гадоў таму:
«Я кажу: „Вось, людзі ў цябе зьяжджаюць, нешта тут ня так“. Ён кажа: „Аляксандар Рыгоравіч, зьяжджаць яны зьяжджаюць, а вось (даслоўна) зубок вылечыць яны да нас едуць. Там задорага“».
«Я павінен вам сказаць, што мы ўрэгулюем цяпер гэтае пытаньне. Нягледзячы на прэзыдэнцкія выбары, электаральную кампанію, мы ўрэгулюем, — запэўніў палітык. — Таму што вы павінны разумець: яны зубок прыяжджаюць сюды за бясцэнак лячыць і іншыя хваробы — за ваш кошт. Падаткі вы плаціце як фізычная асоба, і прадпрыемства ваша таксама плаціць падаткі. Яны прыяжджаюць за бясцэнак падлячыцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў Горадні: «Мы рыхтуемся да вайны. Я пра гэта кажу шчыра» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка забараніў выкарыстоўваць спонсарскую дапамогу на «экстрэміскую дзейнасьць і выбарчыя кампаніі»