Аляксандар Лукашэнка пасьля выкліку ў Міністэрства замежных спраў Літвы консулу Беларусі, які знаходзіцца ў Вільні, з нагоды выказваньняў пра Сувальскі калідор, зноў выказаўся аб падрыхтоўцы да вайны.
«Нікому ня верце, што мы хочам ваяваць. Мы рыхтуемся да вайны, я пра гэта кажу шчыра. „Хочаш міру — рыхтуйся да вайны“, ня я гэта прыдумаў. Гэта вельмі правільна сказана», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.
Як адзначаецца на ягоным сайце, у Беларусі рыхтуюцца адпаведныя падразьдзелы, а войскі атрымліваюць розныя віды ўзбраеньня і тэхнікі.
«Калі адтуль (БелТА ўдакладніла, што вядзецца пра „недружалюбныя“ краіны. — РС) нехта падвывае і нас крытыкуе, ведайце: мы робім усё правільна. Калі нас там пачнуць хваліць — бяда», — падкрэсьліў Лукашэнка.
«Нам ня трэба камусьці пагражаць. Мы ня хочам чужой зямлі. Нам гэту дай Божа апрацаваць», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адрэагаваў на заяву Сахашчыка аб плянах Беларусі і Расеі напасьці на Літву26 сакавіка праўладны тэлеграм-канал «Пул первого» абнародаваў відэазапіс, на якім Аляксандар Лукашэнка вядзе дыялёг з камандуючым войскамі Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня Аляксандрам Навуменкам у прысутнасьці іншых вайскоўцаў. Пры гэтым усе яны стаялі, а Лукашэнка сядзеў за сталом, на якім знаходзіўся ягоны гадаванец шпіц Умка. Перад Лукашэнкам на экране дэманстравалася паведамленьне «Групоўка авіяцыі на тэрыторыі сумежных дзяржаў і выведнай дзейнасьці супраць Рэспублікі Беларусь».
«Каб мы ня ставіліся спрошчана да гэтага, мы мусім ведаць, да чаго яны рыхтуюцца, паколькі яны ўвесь час вякаюць пра гэты Сувальскі калідор. Колькі тут кілямэтраў да Расеі, да Калінінградзкай вобласьці ад нашых межаў?», — запытаў Лукашэнка.
На адказ, што адлегласьць складае 42 кілямэтры, калі наўпрост, і 90 кілямэтраў, калі па мяжы, Лукашэнка заявіў: «Практычна нічога. Дарма яны так сябе паводзяць. Але ў цяперашні момант табе давядзецца супрацьстаяць балтыйскім рэспублікам. І частку Польшчы ты прыхопліваеш?».
«Там невялікую, паўночную», — сказаў Навуменка.
«Паўночна-ўсходнюю? Сплянавана? Ты ўпэўнены, што гэта па фронце тэрыторыя і ты яе ўтрымаеш сваімі войскамі?» — запытаў Лукашэнка.
«Існуюць дакумэнты ваеннага плянаваньня, і ўсе дзеяньні сплянаваныя, пытаньні баявой гатоўнасьці адпрацоўваюцца, асабовы склад рыхтуецца, у тым ліку тое, што прадугледжана паводле вашых указаньняў, а зараз ужо выконваецца паводле распараджэньня міністра абароны ў межах падрыхтоўкі ўмацавальных раёнаў. Мы ня проста выходзім у раёны палявога выхаду і правядзеньня вучэньняў. Мы, у тым ліку, вось як зараз [выходзім]— у рэальныя раёны, каб асабовы склад, афіцэры ведалі, мясцовасьць, дарогі, ведалі, дзе, як і што, каб мэтазгодна на мясцовасьці маглі прымаць рашэньні і былі гатовыя непасрэдна да рэальных дзеяньняў», — патлумачыў Лукашэнку камандуючы войскамі Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня Аляксандар Навуменка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыпляматычнаму прадстаўніку Беларусі ў Вільні ўручылі ноту пратэсту праз выказваньні Лукашэнкі29 сакавіка з нагоды гэтых выказваньняў Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі выклікала часовага паверанага ў справах Рэспублікі Беларусь Яраслава Хмыля і ўручыла яму ноту пратэсту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайскоўцы Літвы і Польшчы ўзаемадзейнічаюць у межах пляну абароны Сувальскага калідору. Яго назвалі «Аршанскі плян»Саўдзел уладаў Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны
Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Увесь час ад моманту пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.
Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.