Суд Савецкага раёну Менску аштрафаваў вядомую грамадзкую актывістку Ніну Багінскую на 2000 рублёў (50 базавых велічыняў), паведамляе «Белсат». Падставай для абвінавачаньня стаў значак з выявай нацыянальнага сьцяга, які быў на вопратцы Багінскай.
Тое, што Ніна Багінская мела на каўнерыку маленькі значак, міліцыянты кваліфікавалі як «несанкцыянаваны пікет». Судзьдзя Аляксандар Супічэнка пагадзіўся зь міліцыянтамі і прысудзіў Багінскай штраф.
Таксама ў сваёй пастанове судзьдзя напісаў, што «значак белага колеру з выявай белага і чырвонага колеру» належыць зьнішчыць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ніне Багінскай забаранілі выяжджаць зь Беларусі, наведваць казіно і гуляць у азартныя гульніВядома, што 20 сакавіка Багінская была ў кватэры сына, калі туды прыйшлі сілавікі зь ператрусам. Яны забралі ўсе носьбіты інфармацыі, а таксама тры сьцягі і плякат з Пагоняй, якія належаць Ніне Багінскай.
У той жа дзень Багінская пайшла ў Сьледчы камітэт, каб высьветліць лёс забраных рэчаў. Крыніцы «Белсату» паведамілі, што дзяжурны выклікаў у будынак СК міліцыянтаў і тыя затрымалі жанчыну. У аддзеле міліцыі Партызанскага раёну міліцыянты зьнялі маленькі значак з выявай нацыянальнага сьцяга з каўнера паліто, у якое была апранута Багінская. На яе склалі пратакол за «нашэньне экстрэмісцкай атрыбутыкі» і адпусьцілі дадому.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лецішча Ніны Багінскай прадалі на аўкцыёне ў залік аплаты штрафаў- У 76-гадовай грамадзкай актывісткі назьбіралася вялікая сума неаплачаных штрафаў за «несанкцыянаваныя мерапрыемствы».
- Шмат гадоў яна выходзіла зь бел-чырвона-белым сьцягам у цэнтар Менску ў дні нацыянальных сьвятаў, памятныя даты ці на знак пратэсту, нават калі была зусім адна.
- У 2020-м яна стала адным з сымбаляў пратэстаў. Пазьней яна рабіла адзіночныя пікеты.
- За апошнія гады Багінскую аштрафавалі на некалькі тысяч даляраў, але яна прынцыпова адмаўлялася выплачваць штрафы. За гэта ў яе арыштавалі маёмасьць, прымусова здымалі частку пэнсіі.