У Малдове пачаліся вайсковыя вучэньні з удзелам Румыніі і ЗША

Вайскоўцы Нацыянальнай арміі Малдовы ў часе вучэньняў на тэрыторыі Румыніі. Архіўнае фота

Вучэньні зьяўляюцца плянавымі і будуць працягвацца да 19 красавіка.

У Малдове на палігонах Нацыянальнай арміі пачаліся вучэньні JCET-2024 (Joint Combined Exchange Training), у якіх удзельнічаюць вайскоўцы з Румыніі і ЗША.

Вучэньні, якія, як адзначаецца на афіцыйным сайце Міністэрства абароны Малдовы, зьяўляюцца плянавымі, будуць працягвацца да 19 красавіка.

«Мэта вучэньняў — супольная падрыхтоўка і абмен досьведам паміж падразьдзеламі спэцыяльнага прызначэньня Малдовы, Румыніі і Амэрыкі, а таксама павышэньне ўзроўню апэратыўнай сумяшчальнасьці кантынгентаў», — паведамілі ў Міністэрстве абароны Малдовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малдова на фоне пагроз з Расеі пачынае сэрыю вайсковых вучэньняў з прыцягненьнем рэзэрвістаў

Шостага сакавіка кіраўнік Службы бясьпекі і выведкі Малдовы Александру Мусьцяцэ папярэдзіў, што Расея зьбіраецца ўмешвацца ў выбары і сабатаваць працэс уступленьня Малдовы ў Эўразьвяз.

7 сакавіка ў Парыжы прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду падпісалі двухбаковае пагадненьне аб абаронным і эканамічным супрацоўніцтве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малдова высылае расейскага дыплямата за адкрыцьцё выбарчага ўчастку ў Прыднястроўі

19 сакавіка Міністэрства замежных спраў Малдовы абвясьціла аднаго з супрацоўнікаў расейскай амбасады ў Кішынёве пэрсонай нон-грата і ўручыла паслу Расеі ў Малдове адпаведную ноту. Гэта адбылося пасьля таго, як Расея насуперак забароне ўладаў Малдовы адкрыла выбарчыя ўчасткі ў Прыднястроўскім рэгіёне Малдовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік выведкі Малдовы заявіў, што Расея плянуе дэстабілізацыю ў краіне