У гаміліі Пантыфік пракамэнтаваў эвангельскі ўрывак пра жанчын, якія зь першымі промнямі сьвітанку прыйшлі да магілы Езуса. Ён зьвярнуў увагу на два ключавыя моманты гэтай падзеі: у першую чаргу на пытаньне, якое хвалявала жанчын: «Хто адсуне нам камень ад уваходу ў магілу?»
«Гэты камень, непераадольная перашкода», сымбалізаваў заканчэньне гісторыі Езуса, пахаванай у ночы сьмерці; быў адлюстраваньнем таго, што жанчыны несьлі ў сэрцы; быў канчатковым прыстанкам іх надзеі, цытуе Папу Vatican News.
«Браты і сёстры, гэта можа здарыцца і з намі. Часам нам здаецца, што ля ўваходу ў наша сэрца паставілі цяжкі надмагільны камень, які душыць жыцьцё, гасіць упэўненасьць, заключае нас у грабніцу страхаў і горычы, перагароджваючы шлях да радасьці і надзеі. Такія „валуны сьмерці“ і мы сустракаем на сваім шляху, ва ўсіх перажываньнях і сытуацыях, якія пазбаўляюць нас энтузіязму і сілы, каб ісьці далей», — сказаў Папа, заўважаючы, што ў цяжкіх сытуацыях страху, горычы, пакут з-за страты блізкіх, няўдач, наступстваў нашага эгаізму і абыякавасьці, таксама і мы з трывогай пытаемся ў сябе: «Хто адсуне камень ад уваходу ў магілу?»
Пантыфік нагадаў, што ўзьняўшы вочы, жанчыны ўбачылі камень адсунутым. «Вось Хрыстова Пасха, вось Божая сіла: перамога жыцьця над сьмерцю, трыюмф сьвятла над цемрай, адраджэньне надзеі сярод руін няўдачы», — сказаў ён, заклікаючы вернікаў таксама ўзьняць вочы да Езуса.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арцыбіскуп Кандрусевіч: «Уваскрослы Хрыстус жыве ня толькі на старонках Бібліі, але таксама павінен жыць у нашых сэрцах»«Калі мы дазволім Езусу ўзяць нас за руку, ніякая параза, ніякія пакуты, ніякая сьмерць ня змогуць спыніць наш шлях да паўнаты жыцьця», — сьцьвердзіў Сьвяты Айцец.
«Давайце ўздымем нашы вочы да Яго, давайце прымем Езуса, Бога жыцьця, у наша жыцьцё, зноў скажам Яму „так“ і тады ніякі камень ня зможа падавіць нашы сэрцы, ніякая магіла ня зможа пазбавіць радасьці жыцьця, ніякая няўдача ня зможа зрынуць нас у адчай. Давайце ўздымем вочы да Яго і папросім Яго, каб моц Яго ўваскрасеньня адсунула камяні, якія прыгнятаюць нашы душы.
Давайце ўздымем вочы да Яго, Уваскрослага, і будзем ісьці наперад з упэўненасьцю ў тым, што на цёмным фоне нашых няспоўненых чаканьняў і нашых сьмерцяў ужо прысутнічае вечнае жыцьцё, якое Ён прыйшоў прынесьці», — сказаў Папа, запэўніваючы, што Хрыстус ужо разбурыў перашкоды і сьпяшаецца прыйсьці да нас.
«Няхай у цемры ўздымецца нечаканы вокліч: Ён жывы, Ён уваскрос!», — пажадаў Сьвяты Айцец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікдзень. Моўны тэст