Саша Філіпенка — беларускі пісьменьнік, які піша па-расейску. Ён нарадзіўся ў Менску, пісаў сцэнары да праграм на расейскай тэлевізіі, апошнія гады жыве ў Швайцарыі.
На радзіме на Філіпенку завялі крымінальную справу, пэўна, за ягоныя апазыцыйныя погляды: ён удзельнічаў у пратэстах супраць рэжыму Лукашэнкі ў Менску ў 2020 годзе, а пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну асудзіў дзеяньні Масквы.
Пра справу ў дачыненьні да пісьменьніка стала вядома, калі ягонага бацьку ў лістападзе 2023 году затрымалі ў Беларусі. У пастарунку ён падпісаў пратакол аб завядзеньні крымінальнай справы на сына, пасьля чаго яго самога арыштавалі на 13 дзён.
Падводле якога артыкулу завялі справу, да гэтага часу невядома. Аднак на допыце, са слоў бацькі, перад ім паклалі раздрукаваныя фатаграфіі Сашы Філіпенкі з прэзыдэнтам Швайцарыі, зь Ціханоўскай, зь міністрам культуры ФРГ. «Тыцкалі пальцам у гэтыя фота, пыталіся, ці ганарыцца яго сын Беларусьсю і ці зьбіраецца вяртацца», — расказваў пісьменьнік.
Выданьне «Настоящее время. Беларусь» пагаварыла зь Філіпенкам пра крымінальны перасьлед на радзіме, ягоныя кнігі і пра тое, ці ўдаецца рэжыму Лукашэнкі разьяднаць беларусаў.
— Давайце пачнем з размовы пра вашу крымінальную справу: ці ёсьць у ёй рух?
— Нічога я пра яе ня ведаю. Мы ведаем, што дома быў ператрус; мы ведаем, што ператрус адбываўся ў межах маёй крымінальнай справы. Тата ня бачыў, які быў артыкул: ён бачыў толькі доўгі нумар артыкулу. І ён быў у сьледчага на допыце, але таксама мы да гэтага часу ня ведаем, што за справа. Быццам павінны былі адкрыцца яшчэ нейкія падрабязнасьці, але я нічога ня ведаю.
Тата правёў 13 дзён у спэцпрыёмніку, і яго адпусьцілі. І ўвогуле адразу было зразумела, што да яго няма ніякіх прэтэнзій, што ўсё гэта было ў сувязі са справай у адносінах да мяне. Я ня ведаю, у таты «стакгольмскі сындром» ці не (стан, пры якім у закладнікаў фармуецца эмацыйная прыхільнасьць да выкрадальнікаў, пры якім ахвяра спачувае і суперажывае злачынцу. — Рэд.), але ён кажа, што зь ім абыходзіліся добра настолькі, наколькі могуць добра абыходзіцца ў беларускіх турмах. Але ён кажа, што адразу было зразумела, што ўсе пытаньні — да мяне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Данос на пісьменьніка Сашу Філіпенку напісаў ягоны дзед— Ці ня цяжка гэта маральна, што вашага бацьку рэпрэсуюць як бы за вас, помсьцяць яму за сына?
— Гэта, безумоўна, складана. Але мне здаецца, што гэта сытуацыя, у якой цяпер апынулася ня толькі мая сямʼя: у ёй апынуліся тысячы беларусаў. І пра гэта трэба працягваць гаварыць, таму што адзінае, чаго дамагаюцца гэтыя людзі, каб мы замаўчалі. Там, безумоўна, няпростая сытуацыя, але адзінаеправільнае рашэньне — працягваць гаварыць пра гэта.
— Цяпер проста фэнамэнальны ўзровень зьнішчэньня журналістыкі і культуры ў Беларусі. Вы можаце неяк адсачыць тэндэнцыю? Чаго чакаць? Бо вы частка беларускай культуры і журналістыкі ў тым ліку...
— Мне здаецца, усё будзе адбывацца і далей. Будуць знаходзіць апошніх журналістаў, якія нешта робяць, будуць знаходзіць апошніх тэатралаў. Мне здаецца, што рэпрэсіі разьвіваюцца ўжо так магутна, што пад гэтыя рэпрэсіі пачнуць трапляць, людзі, якія падтрымліваюць рэжым, і мы ўжо бачым, што яны пачынаюць трапляць.
Бо калі махавік рэпрэсій раскручваецца, зразумела, што ў яго няма ніякіх лягічных тлумачэньняў гэтым рэпрэсіям. І мне здаецца, што ўжо надыходзіць момант, калі ўся журналістыка ўнутры Беларусі, усе людзі, якія актыўна нешта рабілі, зараз вымушаныя быць у такой унутранай эміграцыі. Мне здаецца, што якраз ужо трэба рыхтавацца прыхільнікам рэжыму. Таму што сілавікам трэба паказваць, што яны працягваюць працаваць, і яны будуць знаходзіць ворагаў цяпер ужо і сярод сваіх таксама.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі пісьменьнік Саша Філіпенка атрымаў прэстыжную францускую літаратурную прэмію
— Калі казаць пра літаратуру, пра эвалюцыю вашых чытачоў за гэтыя тры гады: ці можна сказаць, што большасьць чытачоў — гэта эмігранты, якія пераехалі і чытаюць на расейскай ці беларускай? Ці гэта ўсё ж замежная аўдыторыя, якая чытае на замежнай мове?
— Я ня ведаю, мне складана адказаць на гэтае пытаньне, таму што я ведаю, што мяне па-ранейшаму чытаюць і ў Беларусі. Ведаю, што мяне чытаюць і ва Ўкраіне, і ў Расеі, і ў Літве, і ў Эўропе. Проста ў Эўропе, напэўна, становіцца больш чытачоў, бо кнігі перакладаюцца ўсё на новыя і новыя мовы. Але хочацца верыць, што асноўны мой чытач усё роўна ў Беларусі.
— Можна прыгадаць гісторыю пра тое, што ў СІЗА на Акрэсьціна ў Менску ваша кніга была. Можаце расказаць гэтую гісторыю?
— Я ведаю ня так шмат. Я ведаю, што калі чалавек выйшаў на волю, ён расказаў мне, што гэтая кніга яго вельмі падтрымлівала, таму што яе чыталі і перадавалі з камэры ў камэру. Я не ўяўляю, як гэта было зроблена, проста тэхнічна як там магла аказацца кніга, як яе чыталі. Але гэта, безумоўна, галоўная ўзнагарода, якую можа атрымаць пісьменьнік: не літаратурная прэмія, а калі ты разумееш, што кніга дапамагае людзям. Што гэта такі няхай і тэрапэўтычны эфэкт, але гэта нешта вельмі важнае. Гэта нейкае важнае прызнаньне, якое ты атрымліваеш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пісьменьнік Філіпенка пра затрыманьне бацькі: Рэжым баіцца, што без рэпрэсій зьнікне— Як, на ваш погляд, ці можна захаваць псыхалягічна здаровыя адносіны паміж беларусамі, якія ўнутры краіны, і тымі, якія выехалі?
— Я ня ведаю, я ня бачу ў гэтым праблемы. Ва ўсякім разе, па зносінах са сваімі сябрамі, якія засталіся, або з блізкімі, якія засталіся ў Беларусі. Мне здаецца, што гэта пытаньне проста павагі адно да аднаго, пытаньне неперакладаньня віны на тых, хто застаўся, ці на тых, хто зьехаў. Разуменьне таго, што многія з тых, хто застаўся, засталіся там зь нейкіх прычын, а многія з тых, хто выехаў, выехалі зь нейкіх прычын.
І ў гэтым сэнсе мне думаецца, што калі людзі будуць слухаць адзін аднаго, будуць ісьці насустрач адзін аднаму, праблема гэтая будзе ў меншай ступені ці будзе не такой вострай. А беларусы, думаю, у гэтым сэнсе вялікія малайцы і ўмеюць слухаць адно аднаго. Цяпер я бачу, што там час ад часу ламаюцца дзіды ў фэйсбуку, але фэйсбук для таго і патрэбен. Мне здаецца, што ўсе самыя гарачыя галовы і ўсе самыя ўпэўненыя ў сабе людзі якраз у камэнтарах у фэйсбуку зьяўляюцца. Але я ня бачу гэтай праблемы настолькі моцнай, калі проста маю зносіны са знаёмымі людзьмі або з блізкімі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наперадзе вялікая катастрофа». Філіпенка пра крымінальную справу ў Беларусі, арышт бацькі, пашпарт бяз вольных старонак, прэм'еру ў Бэрліне