Афіцэры ABW правялі шэраг працэсуальных захадаў, у тым ліку ператрусы, у Варшаве і Тыхах у рамках расьсьледаваньня ў раскрыцьці шпіёнскай дзейнасьці на карысьць Расеі, накіраванай супраць дзяржаў і органаў Эўразьвязу, піша выданьне Businessinsider з спасылкай на зьвесткі польскіх спэцслужбаў.
Праведзеныя захады зьяўляюцца вынікам міжнароднага супрацоўніцтва Агенцтва ўнутранай бясьпекі з шэрагам эўрапейскіх службаў, узгодненага, у прыватнасьці, з партнэрамі з Чэхіі. У выніку была задакумэнтаваная дзейнасьць у арганізацыі прарасейскіх ініцыятыў і мэдыйных кампаній у краінах Эўразьвязу, гаворыцца ў прэс-рэлізе польскіх спэцслужбаў.
Мэтай шпіёнаў было, сярод іншага, «аслабленьне пазыцыі Польшчы на міжнароднай арэне, дыскрэдытацыя Ўкраіны і іміджу органаў Эўразьвязу».
Як піша ABW, імкнучыся рэалізаваць названыя вышэй мэты, быў запушчаны, сярод іншага, міжнародны сайт voice-of-europe.eu, на якім публікуюцца перадузятыя прарасейскія артыкулы, заявы, камэнтары і інтэрвію, зьвязаныя зь бягучай міжнароднай сытуацыяй, у тым ліку з вайной, якую вядзе Расея супраць Украіны.
«Службамі вызначаны спосаб фінансаваньня апісанай працэдуры», — гаворыцца ў прэс-рэлізе сілавікоў.
«Дзейнасьць Агенцтва ўнутранай бясьпекі таксама зьяўляецца вынікам расьсьледаваньня, якое завяршылася 19 студзеня абвінаваўчым заключэньнем, падчас якога былі сабраныя доказы супраць грамадзяніна Польшчы, які падазраецца ў шпіянажы на карысьць расейскіх спэцслужбаў, выконваючы задачы па заказе і пры фінансавай падтрымцы супрацоўнікаў расейскай выведкі, якія ўключалі, сярод іншага, прапаганду, дэзынфармацыю і палітычныя правакацыі. Іх мэтай было пабудаваць расейскія сфэры ўплыву ў Эўропе», — сказаў Яцэк Дабжынскі, прэс-сакратар міністра-каардынатара польскіх спэцслужбаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Плянавалі ўзрываць цягнікі». У Польшчы прад’явілі абвінавачаньне ў шпіянажы 15 іншаземцам, сярод іх трое беларусаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намдырэктара вядомай кампаніі, сувязь са шпіталем КДБ. Што вядома пра трэцяга беларуса, нібыта затрыманага ў Польшчы па «шпіёнскай справе»