Амбасада Баўгарыі пачне выдаваць беларусам шэнгенскія візы з 1 красавіка.
У мэтах «забесьпячэньня больш высокага ўзроўню абслугоўваньня заяўнікаў» амбасада Баўгарыі ў Менску заключыла пагадненьне аб вонкавым абслугоўваньні з апэратарам VFS Global.
Візавыя цэнтры VFS Global працуюць у дзевяці гарадах Беларусі: Менску, Берасьці, Баранавічах, Віцебску, Гомлі, Горадні, Лідзе, Магілёве і Пінску. З інфармацыяй пра запіс на прыём, пералік неабходных дакумэнтаў і тэрміны атрыманьня візаў можна азнаёміцца на сайце кампаніі, паведамляецца на сайце амбасады.
У амбасадзе Румыніі паведамілі, што шэнгенскія візы пачнуць выдаваць з 31 сакавіка.
«Візы, выдадзеныя пасьля гэтай даты, дазволяць уяжджаць у Шэнгенскую зону на тэрмін да 90 дзён на працягу любога 180-дзённага пэрыяду. Аднак, як правіла, заяўнік на візу павінен будзе зьвяртацца па візу ў тую дзяржаву, якая зьяўляецца асноўным пунктам прызначэньня ягонай паездкі», — адзначылі ў дыпляматычным прадстаўніцтве.
Выдадзенымі да 31 сакавіка візамі на працягу ўсяго тэрміну іх дзеяньня можна карыстацца толькі для ўезду ў Румынію, а таксама «на падставе палажэньняў, выкладзеных у рашэньні ЭЗ № 565/2014», патлумачылі ў амбасадзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада Эўразьвязу часткова прыняла Баўгарыю і Румынію ў Шэнгенскую зону. Такое ў гісторыі Эўразьвязу ўпершыню- У канцы сьнежня 2023 году Рада Эўразьвязу часткова прыняла Баўгарыю і Румынію ў Шэнгенскую зону. У сакавіку 2024 году на паветраных і марскіх межах дзьвюх краін з краінамі Шэнгенскага пагадненьня адмянілі памежны кантроль.
- У 2007 годзе Баўгарыя і Румынія сталі чальцамі Эўразьвязу. Эўракамісія аб'явіла пра гатоўнасьць інтэграваць дзяржавы ў Шэнгенскую зону яшчэ ў 2011 годзе, але некаторыя краіны ЭЗ на працягу 12 гадоў блякавалі гэтае рашэньне, указваючы на праблемы з карупцыяй і няздольнасьць Баўгарыі і Румыніі забясьпечыць ахову межаў.
- Цяпер у Шэнгенскай зоне 27 краін, што дазваляе 400 мільёнам чалавек свабодна перамяшчацца паміж імі.