Зьменяцца ліміты бязмытнага ўвозу тавараў з-за мяжы
З 1 красавіка ў Беларусі зьнізяць ліміты на пасылкі з-за мяжы і ўвезеныя наземным транспартам тавары.
З 00:00 1 красавіка 2024 году нормы бязмытнага ўвозу тавараў для асабістага карыстаньня будуць наступныя:
- Увоз наземным транспартам: на суму 500 эўра і вагой у 25 кг.
- Міжнародныя паштовыя адпраўленьні і перавозчыкі на адрас фізычных асоб: 200 эўра і 31 кг.
- Паветраны транспарт: 10 000 эўра і 50 кг.
Мытны камітэт просіць улічваць гэтую інфармацыю перад перасячэньнем дзяржаўнай мяжы.
Цяпер у Беларусь бяз выплаты мыта можна завезьці з-за мяжы тавары (у выглядзе пасылак і праз наземныя межы) на суму да 1000 эўра, вага іх не павінна перавышаць 31 кіляграм. Нормы зацьверджаныя для краін Эўразійскага эканамічнага саюзу ў красавіку 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З 1 красавіка ў Беларусі скароцяць ліміты бязмытнага ўвозу тавараў з-за мяжы«Базу дармаедаў» будуць абнаўляць штомесяц
З 1 красавіка сьпісы грамадзян, не занятых у эканоміцы, будуць абнаўляць кожны месяц. Цяпер гэтыя зьвесткі абнаўляюць раз на квартал (толькі па тых, хто зьехаў за мяжу, гэта робяць штомесяц). Уласьнікі жыльля, якіх уключылі ў базу «дармаедаў», мусяць аплачваць «камуналку» па поўных тарыфах.
У так званую «базу дармаедаў» у Беларусі цяпер трапляюць працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, а таксама тыя, хто больш як на 30 дзён выехаў у любую краіну, акрамя Расеі, Кіргізстану, Армэніі і Казахстану. Другое выключэньне — выезд на лячэньне або ў службовую выправу.
У канцы студзеня чыноўнікі зьмянілі пастанову аб «дармаедах». Зьмены закранулі індывідуальных прадпрымальнікаў: каб ня стаць «дармаедамі», ім трэба будзе сплаціць падаходны падатак, проста рэгістрацыі ў якасьці ІП недастаткова. Таксама, паводле дакумэнту, у дармаеды могуць залічыць беларусак, якія выхоўваюць дзіця 7 гадоў ці траіх і больш непаўналетніх дзяцей, а таксама бацькоў дзяцей-інвалідаў, калі яны выехалі за мяжу больш як на 30 дзён і фактычна не пражываюць у Беларусі. Выключэньне — выезд на лячэньне ці аздараўленьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адзін штуршок да эміграцыі. Ці будуць садзіць за краты «дармаедаў»?Пачне працаваць «супэрбаза» даходаў насельніцтва
Да 1 красавіка наймальнікі мусяць перадаць падатковай зьвесткі пра пэўныя даходы работнікаў. Гаворка пра «супэрбазу» даходаў насельніцтва, якую ўвялі з 2023 году.
Наймальнікі мусяць перадаваць у падатковую інфармацыю практычна пра ўсе даходы работнікаў, сярод іншага — пра грашовыя кампэнсацыі за нявыкарыстаны працоўны адпачынак, выходныя дапамогі праз разрыў працоўнай дамовы і інш. Гаворка ў тым ліку ідзе пра льготы і сумы падаходнага падатку зь фізычных асобаў. Банкі абавязалі перадаваць падатковай зьвесткі пра кліентаў — фізычных асобаў, у якіх агульная сума па прыходных апэрацыях за каляндарны год перавысіла 150 тысяч рублёў.
Зьмены прадугледжаныя абноўленым Падатковым кодэксам.
Пачне дзейнічаць забарона на ўвоз шэрагу тавараў зь Літвы
З 1 красавіка пачнуць дзейнічаць уведзеныя Беларусьсю абмежаваньні на ўвоз шэрагу тавараў празь мяжу зь Літвой. Гэтыя абмежаваньні — адказ на закрыцьцё Літвой двух памежных пунктаў пропуску.
Забараняецца імпартаваць празь мяжу зь Літвой шэраг тавараў для рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі, незалежна ад краіны іх паходжаньня, а таксама ўвозіць і прадаваць на тэрыторыі Беларусі асобныя тавары, вырабленыя ў Літве. Поўны пералік тавараў па спасылцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забарона на ўвоз шэрагу тавараў зь Літвы: стала вядома, калі яна пачне дзейнічаць і што нельга ўвозіць
Новаўвядзеньні ў камандзіровачных
З 6 красавіка ў Беларусі мяняюцца правілы кампэнсацыі работнікам, якіх адправілі ў службовую выправу на тэрыторыі краіны і за мяжу, сярод іншага:
- З 6 красавіка павялічыцца памер «сутачных» на выправы па Беларусі — з 9 да 12 рублёў.
- Калі паводле роду працы супрацоўнік вымушаны штодня вяртацца да месца жыхарства, яму будуць даваць 4 рублі (0,1 базавай велічыні) на квіткі ў кожны бок за кожны дзень выправы.
- Арэнду кватэры ў Беларусі падчас службовай выправы аплацяць. Раней такая норма дзейнічала толькі пры выезьдзе за мяжу.
- Павялічаны пералік камандзіровачных выдаткаў, якія пакрывае працадаўца: туды ўнесьлі збор за рэгістрацыю ў сыстэме электроннай чаргі на памежных пунктах пропуску, камісійныя выдаткі, падаткі і зборы за ажыцьцяўленьне апэрацый пры абмене валют.
- Таксама пастановай прадугледжаны шэраг іншых зьменаў.
Падаражэюць паслугі мабільных апэратараў
Кампанія А1 з 1 красавіка павысіць кошт паслуг фіксаванай сувязі для фізычных асобаў і кампаній, а таксама кабэльнага тэлебачаньня (для юрыдычных асобаў). Таксама павялічыцца памер абанэнцкай платы для шэрагу дзейных і архіўных тарыфных плянаў і некаторых паслуг фіксаванай сувязі. Поўны сьпіс абноўленых тарыфаў — па спасылцы.
МТС з 1 красавіка зьменіць прынцып працы паслугі «Адкрыты інтэрнэт»: аб’ём інтэрнэт-трафіку большасьці інтэрвалаў у рамках паслугі павялічыцца, пры гэтым зьменіцца іх цана, у выніку некаторыя карыстальнікі будуць плаціць больш. Сьпіс абноўленых тарыфаў.
Вырасьце базавая арэндная велічыня
З красавіка базавая арэндная велічыня складзе 17 рублёў 76 капеек (цяпер — 16,9 рубля). Ад яе залежыць памер арэнднай платы пры здачы ў арэнду нерухомай маёмасьці, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасьці, а таксама ва ўласнасьці гаспадарчых таварыстваў.
Памер базавай арэнднай велічыні вызначаецца кожны год урадам з улікам інфляцыі. Яе павышэньне адбылося ўпершыню за чатыры гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі вырасьце базавая арэндная велічыняНовыя авіярэйсы ў Расею і Таджыкістан
З 1 красавіка «Белавія» пачне лятаць у маскоўскі аэрапорт Шарамецьева ня толькі зь Менску, але і з Гомля. Рэйсы з абласнога цэнтру будуць выконваць па панядзелках і чацьвяргах.
А з 6 красавіка авіякампанія Uzbekistan Airways павялічыць колькасьць рэгулярных рэйсаў па маршруце Ташкент — Менск — Ташкент. Цяпер, акрамя рэгулярных рэйсаў па панядзелках і чацьвяргах, зьявяцца рэйсы па суботах.
Уводзіцца нераставая забарона на лоўлю рыбы
З 1 красавіка па 30 траўня забарона на лоўлю рыбы падчас нерасту будзе дзейнічаць у Горадзенскай, Менскай і Магілёўскай абласьцях, з 10 красавіка па 8 чэрвеня — у Віцебскай.
У Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях забарону ўвялі з 20 сакавіка (па 18 траўня).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што чакае беларусаў з 1 лютага: зьмены ў АРІП, камунальных плацяжах, дапамозе на дзяцей