У Расеі канчаткова вызначыліся з афіцыйнай вэрсіяй тэракту ў «Крокус Сіці Холе». Паводле яе, безальтэрнатыўным становіцца «ўкраінскі сьлед». Найперш, сам Уладзімір Пуцін 25 сакавіка дакладна акрэсьліў крамлёўскі канструкт. На яго думку, тэракт «цалкам лягічна ўпісваецца ў акцыі запалохваньня, якія праводзіць Кіеў». Ён таксама задаўся пытаньнем, чаму падазроныя ў зьдзяйсьненьні тэракту ехалі ва Ўкраіну: «Хто іх там чакаў?».
Сакратар Савету бясьпекі РФ Мікалай Патрушаў, адказваючы на пытаньне журналіста Shot, хто вінаваты ў тэракце, адказаў: «ІДІЛ ці Ўкраіна? — Вядома, Украіна».
26 сакавіка кіраўнік ФСБ Расеі Аляксандар Бортнікаў таксама заявіў, што для тэрарыстаў, якія ўчынілі страляніну, «было падрыхтавана акно на расейска-ўкраінскай мяжы», дзе іх чакалі і нібыта «павінны былі сустрэць як герояў».
Мала хто сумняваўся, што Аляксандар Лукашэнка неўзабаве ахвотна і падрабязна выкажацца на гэтую тэму. Датычнасьць да таго, што адбываецца ў Расеі, заўсёды была важным элемэнтам ягонага палітычнага стылю. Можна прыгадаць, як Лукашэнка прэзэнтаваў свой статус выратавальніка Расеі ад грамадзянскай вайны падчас леташняга мяцяжу ПВК «Вагнэр» на чале зь Яўгеніем Прыгожыным.
Яшчэ 25 сакавіка Аляксандар Лукашэнка падчас перамоваў з губэрнатарам Омскай вобласьці Расеі Віталём Хаценкам пракамэнтаваў гэтую трагічную гісторыю так:
«Мы гэтыя суткі з прэзыдэнтам Пуціным былі на сувязі. Вельмі шчыльна працавалі. Чым гэта скончылася, вы ведаеце. Гэта якраз сьведчаньне таго, як павінны працаваць у саюзнай дзяржаве два прэзыдэнты і спэцслужбы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што нападнікі на «Крокус Сіці» спачатку хацелі ўцячы празь Беларусь. Гэта супярэчыць словам ПуцінаНарэшце названыя героі, якія нэўтралізавалі тэрарыстаў. І гэта зусім не прадстаўнікі спэцслужбаў. Яны, паводле вэрсіі Лукашэнкі, ідуць на другім месцы. Галоўную ролю адыгрывалі два прэзыдэнты. Яны «шчыльна працавалі», і ёсьць вынік.
26 сакавіка падчас паездкі ў Ашмянскі раён Лукашэнка яшчэ раз пракамэнтаваў свой актыўны ўдзел у нэўтралізацыі тэрарыстаў:
«Як толькі кіраўнікам дзяржаў паступіла інфармацыя ад спэцслужбаў пра тое, што аўтамабіль з тэрарыстамі рухаецца ў кірунку Бранску, была дасягнутая дамоўленасьць, што Беларусь блякуе свой участак кірунку верагоднага руху злачынцаў, а расейскі бок — свой. «Мы стэлефаноўваліся. Я ў яго пытаю: „Яшчэ нешта трэба?“ — „Не. Усё нармальна“. Ён у мяне пытаецца: „Дапаможаш закрыць?“ — „Дапамагу. Усё робім“. Ідзе такі дыялёг... Ды мы суткі ня спалі разам з Пуціным!»
Аднак тут у азарце і жаданьні падкрэсьліць сваю выбітную ролю ў вырашэньні чарговага расейскага крызісу Лукашэнка, сам таго не жадаючы, моцна падставіў саюзьніка. Бо, паводле крамлёўскай вэрсіі, злачынцы «рухаліся ў бок Украіны, дзе, паводле папярэдніх даных, для іх з украінскага боку было падрыхтавана акно для пераходу дзяржаўнай мяжы» і іх «павінны былі сустрэць як герояў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Інстытуце вывучэньня вайны ацанілі, чаму Лукашэнка мае іншую, чым у Крамлі, вэрсію аб уцёках нападнікаў на «Крокус Сіці Хол»А Лукашэнка сьцьвярджае, што тэрарысты рухаліся ў бок Беларусі. Аднак, паводле яго, усе беларускія сілавыя структуры былі мабілізаваныя дзеля таго, каб закрыць мяжу з Расеяй.
«Таму яны ў Беларусь ніяк не маглі зайсьці. Яны гэта бачылі. Таму адвярнуліся і пайшлі на ўчастак украінска-расейскай мяжы», — казаў Лукашэнка.
То бок з расповеду Лукашэнкі вынікае, што насамрэч у тэрарыстаў ніякага акна на ўкраінскай мяжы не было, яны ўцякалі ў Беларусь. Але не даехалі, іх затрымалі ў Бранскай вобласьці.
Як вядома, прапагандысцкія канструкты не абавязкова павінны быць лягічнымі. Таджыкі ў якасьці ўкраінскіх агентаў. Ехалі ў Беларусь, замест таго каб шукаць акно на ўкраінскай мяжы. Тут галоўнае — абазначыць ворага. Дарэчы, Лукашэнка заявіў, што ведае куратараў, хоць толькі на ўзроўні падазрэньняў. Пасьля агучваньня крамлёўскай вэрсіі іх лёгка ўгадаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка супярэчыць расейскай вэрсіі тэракту. Тлумачэньне Арцёма Шрайбмана