На гэтыя ды іншыя пытаньні Ганны Соўсь адказала лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі ў выгнаньні Сьвятлана Ціханоўская, якая прыйшла ў праскую студыю Свабоды падчас 4-дзённага візыту ў Прагу.
Глядзіце інтэрвію на відэа цалкам
Тут фрагмэнты
Чым падобная і чым адрозная ад прэзыдэнтаў БНР
— Калі ўпершыню сьвяткавалі Дзень Волі?
— У 2021 годзе. На жаль, і гэта бяда шматлікіх беларусаў, мы не шанавалі нашу гісторыю. Мы жылі нашым звычайным жыцьцём, дбалі пра нашыя сем’і, але ня памяталі пра подзьвігі нашых выбітных герояў. У 2021 годзе гэта асабіста кранула, зьявіліся людзі, якія ўсе гэтыя гады шанавалі гэтае сьвята, і яно стала часткай твайго сэрца, твайго жыцьця. Я перапоўненая павагай да тых, хто, нягледзячы на рэпрэсіі і расейскую акупацыю, захоўваў памяць пра гэтыя даты і нават у падпольлі сьвяткаваў гэтае сьвята.
— Вы прыехалі ў студыю Свабоды адразу з могілак, дзе ўшанавалі памяць прэзыдэнтаў БНР Крачэўскага і Захаркі. Айцы-заснавальнікі беларускай незалежнай дзяржавы жылі і рабілі беларускую справу ў замежжы доўгія гады, пра іх амаль нічога ня ведалі ў тагачаснай БССР. Цяпер вы як абраная прэзыдэнтка таксама ў выгнаньні. У чым падобная і ў чым адрозная сытуацыя тады і цяпер?
— Агульнае — працуем у выгнаньні, і тое, што зноў мы сутыкнуліся з расейскай агрэсіяй і расейскім імпэрыялізмам і павінны адстойваць незалежнасьць нашай краіны. Адрозьненьняў шмат — нашмат больш магчымасьцяў, каб камунікаваць зь людзьмі ўнутры краіны. Беларусь мае нашмат большую субʼектнасьць, чым 106 гадоў таму. Болей людзей зацікаўленыя ў палітыцы, болей людзей бяруць на сябе адказнасьць за лёс нашай краіны. Мы павінны з гонарам і годнасьцю працягваць справу, якую пачалі нашыя лідэры. Вельмі важна, каб гэтая справа не зацягнулася надоўга, каб ужо наша пакаленьне змагло адстаяць нашу незалежнасьць і сувэрэнітэт.
Што можа зрабіць Офіс дэмакратычных сілаў у Празе
— Вы ў Чэхіі чацьвёрты раз, і кожны раз сустрэчы на самым высокім узроўні, вас прымаюць як дзейную кіраўніцу дзяржавы. На ўзроўні рыторыкі ўсё вельмі добра. Тым ня менш Чэхія, бадай, самая жорсткая краіна ў дачыненьні да беларусаў, сюды не адкрываюць візы, беларусаў тут прыраўнялі да грамадзянаў Расеі і ёсьць толькі невялікія выключэньні для невялікіх групаў людзей, пацярпелых ад рэпрэсій. Ці ёсьць у вас адказ, чаму так атрымліваецца? І што могуць зьмяніць дэмакратычныя сілы?
— Нельга сказаць, што Чэхія зусім не дапамагае дэмакратычным сілам, бо на міжнародным узроўні яны лабіруюць санкцыі супраць Лукашэнкі, дапамагаюць мэдыя, ініцыятывам. Тут ёсьць перакос у бок ціску, але шмат што можна зрабіць у пазытыўным ключы (падтрымка беларусаў тут, візы, стыпэндыі для студэнтаў). Гэта тыя мэсыджы, якія дапамагаюць беларусам не адчуваць сябе забытымі і пакінутымі. Вельмі спадзяюся, што Офіс дэмакратычных сілаў, які мы адкрываем у Празе, будзе спрыяць таму, што будзе мяняцца палітыка. Мы думаем, што пытаньне візаў і дадатковых забаронаў — гэта можа больш тычыцца пытаньня ўнутранай палітыкі. Мы бачым дэбаты і наконт украінцаў тут. Я думаю, што Чэхія не гатовая прымаць і вялікую колькасьць беларусаў, і ўкраінцаў. Наша задача — тлумачыць ім, чаму нельга класьці беларусаў і расейцаў у адзін кошык, што трэба ізаляваць не людзей, а рэжым.
Ці выпадковая прэзыдэнтка
— Сёньня ўвечары прэм’ера дакумэнтальнага фільму «Выпадковая прэзыдэнтка» пра вас у рамках кінафэстывалю «Адзін сьвет» у Празе. Я мела магчымасьць паглядзець фрагмэнты фільму і буду ўвечары на паказе. Калі вас запытаюць, ці выпадковая вы прэзыдэнтка, што вы адкажаце?
— Я з гэтым згодная. Лёс мяне да такога не падрыхтаваў. Гэта быў аднамомантны выбар. Канечне, выпадковая. Той шлях, які я прайшла і праходжу, гэта цяжкі шлях. Ты павінна вельмі хутка вучыцца. Можа, усё выпадковае не выпадкова.
— У фільме ў адным з дыялёгаў вы кажаце Франку Вячорку: «Я хачу сысьці», а ён кажа, што гэта немагчыма. Чаму ўжо немагчыма сысьці, ці хацелі б вы?
— Думка, што я больш не магу, што гэта вельмі цяжка і балюча... Кожнае затрыманьне, кожную сьмерць прапускаеш празь сябе. Гэта цяжка маральна, апускаюцца рукі. Нейкія спрэчкі ўнутры дэмакратычных сілаў, што таксама ёсьць. І такая думка праскоквае, можа, кожную раніцу ці кожны вечар, калі ты бязь сілаў. Але я разумею, што не магу, бо я ўзяла на сябе гэтую адказнасьць, людзі ўзялі на сябе адказнасьць. Я разумею, што я не адна і не магу разьбіць «кулак», які ў нас ёсьць. Я разумею, што я ня вечная. Усё што заўгодна можа здарыцца. І таму вельмі важна, што мы будуем структуры. Калі адзін чалавек выключаецца, то структура не ламаецца. Я разумею, што сысьці ня маю права, не магу. Колькі вытрываю, столькі буду побач зь людзьмі.
Параўнаньні зь Юліяй Навальнай
— Ці не надакучыла вам параўноўваньне Юліі Навальнай з вамі? Які патэнцыял вы ў ёй бачыце? Што б ёй параілі?
— Тое, што параўноўваюць, мяне не кранае. Я разумею, што ў нас шмат агульнага. Мой любімы — палітвязень, у Юлі — трагедыя. У нас розныя шляхі. Калі мы сустрэліся, яна казала, што ў свой час выбрала ролю маці і жонкі, а я вырашыла стаць замест мужа. Пасьля забойства Аляксея Юлія сказала, што будзе змагацца замест яго. Гэта вельмі моцная жанчына, спадзяюся, што яна здолее абʼяднаць людзей, апазыцыю вакол сябе, што ня страціць сувязі з расейцамі і зможа паказваць, што працуе дзеля іх найперш. Канечне, як беларусам, так і ўкраінцам вельмі важна чуць ад расейскай апазыцыі, што яны кінуць гэтыя імпэрыялістычныя амбіцыі, што яны будуць паважаць і межы, і наша імкненьне, эўрапейскае імкненьне. Думаю, што патэнцыял у Юлі ёсьць, ёсьць каманда вялікая, але важна да людзей дагрукацца.
Пра плян на выбары 2025 году
— Падчас так званага адзінага дня галасаваньня ўлады прадэманстравалі, па якім стэрыльным сцэнары пройдзе выбарчая кампанія ў 2025 годзе. Які плян у дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі?
— Пытаньне пра гэтую кампанію беларусы мне менш задаюць, чым замежнікі. Бо яны разумеюць, што якая б ні была кампанія, гэта будзе кампанія выбараў Лукашэнкі, што будзе стэрыльнае поле. Партыі ліквідаваныя, людзі ў турмах ці замежжы, нават закон гэтым чалавекам прыняты пра крымінальныя справы, якія заведзеныя супраць нас. Легальнай магчымасьці браць удзел у гэтым незаконным фарсе няма ніякай. Але мы павінны ў зьвязку з гэтай падзеяй (гучна сказана) мабілізаваць людзей. Мы ня ведаем, калі гэта будзе і ў якім выглядзе. Я думаю, што будуць і зачысткі вялікія перад гэтым, бо Лукашэнка баіцца беларусаў. Будзем праводзіць кампаніі. Паглядзім, якая будзе сытуацыя. Можна гаварыць пра стратэгію... І сытуацыя можа мяняцца і ў нас, і ва Ўкраіне. Можа нават і ў Расеі, чорт іх ведае... Тады будзем глядзець. Але мы павінны быць моцныя як структуры, павінны ўмацоўваць сеткі людзей унутры краіны і за межамі, каб дзейнічаць разам.
Пра падтрымку Паліне Шарэндзе-Панасюк
— Пытаньне да вас як да жонкі палітвязьня. Як вы вытрымліваеце ўсе гэтыя візыты, перамовы, сустрэчы, ня ведаючы больш за год, што з мужам? Што для вас антыдэпрэсант?
— Няма ў мяне антыдэпрэсантаў. Што мяне падтрымлівае — найперш беларусы. І гэта ня патасныя словы... Разумею, што я не адна. І калі мне патрэбная дапамога, словы падтрымкі... Шмат пытаньняў прыходзіць кожны дзень, і мне ёсьць каму іх дэлегаваць. Ты разумееш, што побач з табой мільёны людзей. Гэта вялікая падтрымка. І гэты боль ператвараецца ў энэргію. Калі цяжка, кажу «стоп». Ты хочаш спаць? А ты разумееш, што людзі ў ШЫЗА праз холад ня могуць спаць увогуле? Таму ўстала і ідзі працуй. Такая саманагонка. Параўноўваеш сябе зь людзьмі, якія там у цяжкіх умовах чакаюць дзеяньняў, што мы не здадзімся і будзем працаваць далей, і гэта самы вялікі матыватар.
— Маглі бы вы пракамэнтаваць прапагандысцкі фільм з палітзьняволенай Палінай Шарэндай-Панасюк, рэакцыя на які і мужа, і дэмакратычнай супольнасьці адназначная — «Паліна ратуе сабе жыцьцё»?
— Можна шмат дыскутаваць і спэкуляваць. Людзі розныя, па моцы людзі розныя. Я ня ведаю, як бы Сяргей сябе павёў. Мы ўсе ведаем сьмеласьць Паліны. Ніхто ні слову не паверыў. Разумеюць, што прымусілі чалавека сказаць. Я магу сабе ўявіць, што Паліна адчувала ў гэты момант. Яе вымушаюць гэта рабіць, і каб сябе выратаваць, яна гэта робіць. Зь вялікім разуменьнем трэба да гэтага ставіцца. Калі хтосьці вымушаны пайсьці на такія крокі, каб, як кажаце, выжыць (мы ня ведаем іх становішча), то ўсё апраўдана.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.