Звольнілі дырэктара Музычнага тэатру, дзе прасьпявалі песьню «Перамен!» гурту «Кіно»

Сяргей Пукіта

Дырэктар Музычнага тэатру Сяргей Пукіта звольнены са сваёй пасады. Яго прозьвішча зьнікла са старонкі з імёнамі кіраўнікоў на сайце калектыву.

Пра гэта паведамляе партал «Зеркало». Крыніца парталу пацьвердзіла, што 21 сакавіка ў Пукіты быў апошні працоўны дзень.

Мяркуецца, што прычынай звальненьня стала выкананьне песьні «Перамен!» савецкага рок-гурту «Кіно». 16 сакавіка ў Музычным тэатры выступаў Сымфанічны аркестар Варонескай канцэртнай залі з праграмай «Анталёгія расейскага року», у рэпэртуары якога якраз ёсьць гэтая песьня.

17 сакавіка тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» апублікаваў аўдыёзапіс выступу і рэакцыі залі. Паводле зьвестак каналу, аркестру «падпявала літаральна ўся заля».

«Заля падтрымала выступ з гэтай кампазыцыяй, стоячы зь ліхтарыкамі», — расказала «Зеркалу» крыніца, знаёмая з сытуацыяй.

Пасьля гэтага было прынятае рашэньне звольніць Пукіту.

Цяпер выканаўцам абавязкаў дырэктара прызначаны Генадзь Місуна, які да гэтага займаў пасаду намесьніка дырэктара.

  • Сяргей Пукіта ўзначальваў Музычны тэатар з 2019 году. Ён нарадзіўся ў 1978 годзе, у 1998-м скончыў Магілёўскую вучэльню культуры, у 2003-м — сталічны Ўнівэрсытэт культуры і мастацтваў.
  • З 2004 году працаваў у сталічным Моладзевым тэатры (з 2010-га быў там намесьнікам дырэктара), а таксама актыўна здымаўся ў кіно. Часьцей за ўсё граў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, чыноўнікаў ці прадстаўнікоў працоўных прафэсій.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Музычнага тэатру за песьню «Перемен!» зьбіраюцца звальняць дырэктара

Чаму і калі песьня стала непажаданай уладам?

6 жніўня 2020 году Кірыл Галанаў і Ўладзіслаў Сакалоўскі на афіцыйным праўладным мерапрыемстве ў Кіеўскім сквэры ў Менску ўключылі песьню «Перамен!» групы «Кіно». На наступны дзень іх асудзілі на дзесяць сутак паводле арт. 17.1 (Дробнае хуліганства) і арт. 23.4 КаАП (Непадпарадкаваньне патрабаваньню службовай асобы). Пасьля сканчэньня адміністрацыйнага арышту Кірыл і Ўладзіслаў зьехалі з краіны, баючыся крымінальнага перасьледу.

Песьня стала адным зь неафіцыйных гімнаў пратэстаў 2020 году.