Суд у справе былога кіраўніка дырэкцыі «Белінвэстбанку» па Гомельскай вобласьці Алега Гарэлава праходзіў з 8 лютага ў Гомельскім абласным судзе.
Яго вінавацілі па трох артыкулах: «Атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры» (ч. 3 арт. 430), «Распальваньне варожасьці» (ч. 1 арт. 130) і «Незаконныя выраб, перапрацоўваньне, купля, захоўваньне, перавозка або перасылка наркатычных рэчываў бяз мэты распаўсюду» (ч. 1 арт. 328). Яму пагражала да 15 гадоў турмы.
Як паведаміла «Гомельская вясна», 25 сакавіка судзьдзя Аляксандар Піскуноў прыгаварыў Гарэлава да 10 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, штрафу ў памеры 1000 базавых велічынь (40 000 рублёў). Былы банкір пазбаўлены права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў тэрмінам на 5 гадоў.
Паводле вэрсіі сьледзтва, мужчына лабіяваў інтарэсы знаёмага бізнэсоўца, атрымаўшы за гэта хабар. Таксама Гарэлаў нібыта пакідаў нэгатыўныя камэнтары ў інтэрнэце ў адрас супрацоўнікаў праваахоўных органаў і сушыў марыхуану для асабістага ўжываньня.
Алег Гарэлаў скончыў камэрцыйны факультэт Беларускага гандлёва-эканамічнага ўнівэрсытэту спажывецкай каапэрацыі. Працаваў у «Дэльта-банку», у тым ліку начальнікам цэнтральнага банкаўскага ўпраўленьня. Пасьля банкруцтва «Дэльта-банку» перайшоў у «Белінвэстбанк».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 22 сакавіка: жыхара Гомля асудзілі за абразу Лукашэнкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За ўдзел у акцыях пратэсту ў Менску асудзілі супрацоўніка «Беларусбанку»