22 сакавіка Менскі гарадзкі суд пакараў незалежнага журналіста Ігара Карнея турэмным тэрмінам на 3 гады калёніі, а таксама вялізным грашовым штрафам. Паводле паведамленьняў беларускіх прапагандысцкіх мэдыя, Ігара Карнея асудзілі менавіта за супрацоўніцтва зь Беларускай асацыяцыяй журналістаў, абвінаваціўшы «ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні», адзначаецца ў заяве.
БАЖ рашуча асуджае прысуд Ігару Карнею і патрабуе неадкладна вызваліць Ігара і іншых 33-х прадстаўнікоў і прадстаўніц мэдыя, якія сёньня знаходзяцца за кратамі, і перагледзець судовыя рашэньні адносна іх.
- У Менскім гарадзкім судзе судзьдзя Сяргей Кацар прысудзіў Карнею 3 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму і штраф 20 тысяч рублёў. Карнея абвінавацілі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні» паводле ч. 3 арт. 361-1 КК.
- Газэта адміністрацыі Лукашэнкі «Беларусь сегодня» раней паведаміла, што Ігара Карнея судзілі за супрацоўніцтва зь Беларускай асацыяцыяй журналістаў, якую ўлады прызналі экстрэмісцкім фармаваньнем.
- Ігар Карней — былы карэспандэнт Радыё Свабода, больш за 20 гадоў асьвятляў на нашых радыёхвалях і вэб-сайце жыцьцё і падзеі ў Беларусі. Сярод іншага Ігар вядомы як трэвэл-блогер і аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі.
Перасьлед Ігара Карнея
Журналіста Ігара Карнея затрымалі раніцай 17 ліпеня 2023 году пасьля ператрусу ў кватэры. Спачатку Ігару прызначылі адміністрацыйны арышт, але пасьля адбыцьця арышту на волю Ігар ня выйшаў.
Зь менскай турмы на Акрэсьціна Ігара Карнея перавялі ў СІЗА №1 у Менску ў рамках крымінальнай справы. Яго прызналі палітзьняволеным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісту Ігару Карнею прысудзілі 3 гады калёніі і штраф 20 тысяч рублёў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты