У Радзе правоў чалавека ААН прайшоў форум падтрымкі пацярпелым ад рэпрэсіяў у Беларусі

Зьлева направа: Крысьціна Рыхтэр, Кацярына Дэйкала, Віціс Юрконіс, Вікторыя Фёдарава і Канстанцін Старадубец падчас паралельнага мерапрыемства, прысьвечанага пацярпелым ад палітычных рэпрэсіяў у Беларусі

Паводле дакладу, які агучылі ў Жэнэве, рэпрэсіі ў Беларусі «могуць зьяўляцца злачынствамі супраць чалавечнасьці».

21 сакавіка ў Жэнэве ў рамках 55-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН прайшоў форум, прысьвечаны пацярпелым ад палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.

Яго арганізавала пастаяннае прадстаўніцтва Літвы пры ААН і падтрымала пастаяннае прадстаўніцтва Польшчы, а таксама іншыя дэмакратычныя краіны, паведамляе «Вясна».

У форуме ўзялі ўдзел прадстаўнікі дэмакратычных сіл і праваабарончых арганізацый, сярод якіх — праваабаронца «Вясны» Канстанцін Старадубец, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у прававых пытаньнях Крысьціна Рыхтэр, экспэртка Беларускага Хэльсынскага камітэту Кацярына Дэйкала, кіраўніца «Прававой ініцыятывы» Вікторыя Фёдарава і кіраўнік Freedom House у Літве Віціс Юрконіс.

«Сайд-івэнт меў на мэце падтрымаць сумесныя намаганьні ў падаўжэньні паўнамоцтваў Спэцыяльнага дакладчыка аб Беларусі, а таксама спрыяць стварэньню незалежнага мэханізму падсправаздачнасьці, які б абапіраўся на існы мандат Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека (УВКПЧ) па Беларусі. Лёс мандатаў будзе вырашаны на галасаваньні па рэзалюцыі, якое мае адбыцца напрыканцы 55-й сэсіі КПЧ», — расказаў праваабаронца «Вясны» Канстанцін Старадубец.

Ён адзначыў, што мэханізмы ААН вельмі важныя для барацьбы зь беспакаранасьцю за тыя шматлікія парушэньні, якія, паводле нядаўняга дакладу УВКПЧ, «могуць зьяўляцца злачынствамі супраць чалавечнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Большасьць удзельнікаў дэбатаў у Радзе правоў чалавека ААН падтрымала абвінавачаньні на адрас беларускіх уладаў

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у прававых пытаньнях Крысьціна Рыхтэр падчас выступу сфакусавалася на тэме ўтрыманьня палітвязьняў у рэжыме інкамунікада. Яна зьвярнула ўвагу на тое, што Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Максім Знак, Марыя Калесьнікава і Мікалай Статкевіч ужо больш за год пазбаўленыя магчымасьці перапіскі, доступу да адвакатаў і якаснай мэдыцынскай дапамогі. Рыхтэр падкрэсьліла, што тэрміновыя меры, прадпісаныя Камітэтам правоў чалавека ў абарону Ціханоўскага, Бабарыкі і Знака, ігнаруюцца.

Дарадца заклікала міжнародную супольнасьць выкарыстоўваць дыпляматычныя каналы для ціску на рэжым Лукашэнкі, каб дамагчыся для родных і блізкіх доступу да зьняволеных, а таксама забясьпечыць палітвязьням рэалізацыю правоў на мэдыцынскую і прававую дапамогу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ААН запатрабавалі ад Беларусі тэрмінова прыняць захады для абароны палітзьняволенай Шарэнды-Панасюк