Беларускага рэжысэра Андрэя Гнёта ўжо пяты месяц утрымліваюць у сэрбскай турме.
Да амбасады Сэрбіі ў Варшаве на алею Руж прыйшлі каля трох дзясяткаў грамадзкіх актывістаў. Яны трымалі плякаты «Не — экстрадыцыі!», «Свабоду Андрэю Гнёту» на сэрбскай і беларускай мовах.
На пікеце выступіў кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка.
«Беларускі рэжысэр Андрэй Гнёт утрымліваецца ў сэрбскай вязьніцы. Сэрбія — краіна, якая крочыць да дэмакратыі, якая на шляху да сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе. Я думаю, гэта ня будзе выбоінай на дарозе, па якой ідзе сэрбскі народ. Бо калі Сэрбія сапраўды імкнецца да дэмакратыі, яна павінна зразумець, што сёньня ў Беларусі катуюць, зьневажаюць беларускі народ, у вязьніцах трымаюць тысячы людзей. Як мінімум ужо пяць палітзьняволеных памерлі ў вязьніцах Лукашэнкі. Мы павінны змагацца за кожнага беларуса, які знаходзіцца ў турмах. Андрэй Гнёт, на жаль, знаходзіцца ў эўрапейскай турме — у Сэрбіі. Мы будзем за яго змагацца», — кажа Павал Латушка.
Ксёндз Вячаслаў Барок у сваёй прамове адзначыў, што Андрэй Гнёт — не тавар, а чалавек, і ня трэба ім гандляваць.
«Я зьвяртаюся да ўладаў Сэрбіі — каб яны абыходзіліся з Андрэем Гнётам як з чалавекам, які мае гонар і годнасьць і мае правы. Улады Сэрбіі павінны кіравацца законам, і іх абавязак — вызваліць беларускага рэжысэра».
Удзельнікі пікету скандавалі па-беларуску і па-сэрбску: «Свабоду Андрэю Гнёту!». Зладзіла акцыю беларуская арганізацыя «Рух».
Гэта ўжо другі пікет каля амбасады Сэрбіі ў Варшаве, які праводзяць беларусы. У сеціве можна падпісаць пэтыцыю за вызваленьне Гнёта.
- Андрэя Гнёта арыштавалі ў аэрапорце Бялграду ў кастрычніку 2023 году, на падставе ордэру Інтэрполу, выдадзенага на запыт Беларусі.
- Гнёт ня ведаў, што на яго выпісаны ордэр, у Сэрбію ён прыехаў на працу. Ён жыў у Тайляндзе, куды ўцёк пасьля ўдзелу ў пратэстах сьледам за прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году.
- У Беларусі Андрэя Гнёта вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Сам Гнёт гэта адмаўляе, лічачы, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі перасьледуе яго за палітычную дзейнасьць.
- 12 сакавіка рашэньне аб экстрадыцыі Андрэя Гнёта ў Беларусь было адменена апэляцыйным судом у Сэрбіі — нібыта ня ўсе акалічнасьці, на падставе якіх было вынесенае рашэньне аб экстрадыцыі, былі дасьледаваныя.
- Пры гэтым суд працягнуў тэрмін утрыманьня Андрэя пад вартай яшчэ на 60 дзён.
- Новыя слуханьні па справе Андрэя Гнёта прызначаныя на 26 сакавіка.