Сьцісла:
- Ад пачатку беларуская касьмічная праграма была ня столькі эканамічным, колькі палітычным праектам. Асноўная мэта палягала ў тым, каб абвесьціць Беларусь касьмічнай дзяржавай і зьвязаць гэта зь імем Лукашэнкі.
- Запуск касьмічных апаратаў (з касманаўтамі і бязь іх) — падзея дастаткова шараговая. Іх цяпер запускаюць многія краіны.
- Палёт першага беларускага касьмічнага спадарожніка «БелКА» ў 2006 годзе стаў няўдалым, ракета-носьбіт узарвалася і спадарожнік быў зьнішчаны.
- Улады імкнуцца цалкам ідэалягізаваць касьмічны палёт. Лукашэнка 19 сакавіка падпісаў указ аб статусе беларускага касманаўта, у якім адзначаецца, што ён павінен мець «цьвёрдую грамадзянскую пазіцыю».
Акрамя Марыны Васілеўскай, у складзе экіпажа расейскага карабля «Саюз МС-25», які стартуе з Байкануру, расейскі касманаўт Алег Навіцкі і астранаўтка амэрыканскага NASA Трэйсі Дайсан.
Ураджэнцы Беларусі ўжо ня раз ляталі ў космас. Пётра Клімук, Уладзімер Кавалёнак, Алег Навіцкі неаднойчы ажыцьцяўлялі пасьпяховыя касьмічныя палёты. Але ўсе яны сёньня зьяўляюцца грамадзянамі Расеі. А вось Марына Васілеўская становіцца першай сапраўды беларускай касманаўткай.
Запуск касьмічных апаратаў з касманаўтамі і бязь іх мае шмат мэтаў: эканамічных, навуковых, вайсковых. Былы прэзыдэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэмік Аляксандар Вайтовіч яшчэ ў 2003 годзе, калі пачыналася беларуская касьмічная праграма, пераканаўча абгрунтоўваў, што, напрыклад, спадарожнік для дыстанцыйнага зандаваньня зямлі эканамічна стратны. Меркаваныя выгады для сельскай, лясной гаспадаркі, геалёгіі, пераадоленьня надзвычайных сытуацый, абароны не кампэнсуюць выдаткаў. Таньней замовіць і купіць патрэбныя здымкі з космасу ў тых жа расейцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі спадарожнік — гонар нацыі ці пустая трата грошай?Але, акрамя эканамічных фактараў, існуе такое паняцьце, як прэстыж краіны, а гэта ўжо становіцца палітычным чыньнікам. Можна канстатаваць, што ад пачатку беларуская касьмічная праграма была ня столькі эканамічным, колькі палітычным праектам. Асноўная мэта такой праграмы палягае ў тым, каб абвесьціць Беларусь касьмічнай дзяржавай і зьвязаць гэта зь імем Лукашэнкі.
Дзяцінства Лукашэнкі прыпала на 1960-я гады, калі пачыналіся касьмічныя палёты. Першыя касманаўты (Юрый Гагарын, Валянціна Церашкова і інш.) былі ня проста героямі таго часу, а кумірамі. Дзеці марылі стаць касманаўтамі.
З таго часу шмат што памянялася. Сёньня запуск касьмічных апаратаў, з касманаўтамі і бязь іх, падзея дастаткова шараговая. Іх запускаюць многія краіны. Прычым гэта пачалі рабіць прыватныя кампаніі: усім вядомыя праекты амэрыканскага бізнэсоўца Ілана Маска. Сёньняшнія касманаўты ўжо ня маюць таго гераічнага арэолу, як у першыя гады асваеньня космасу.
Але Лукашэнку цяжка даецца выхад за межы ўласнага жыцьцёвага досьведу. Ягоныя дзіцячыя ўспаміны моцна ўплываюць на дзяржаўную палітыку. Адсюль насьцярожанае стаўленьне да IT-тэхналёгій («інтэрнэт — памыйніца»). Затое ўспаміны дзяцінства пра «мірны атам» выліліся ў будаўніцтва мала патрэбнай з эканамічнага гледзішча АЭС. У гэтым жа шэрагу і ўсе касьмічныя праграмы.
Першы беларускі касьмічны спадарожнік «БелКА» плянавалася запусьціць з дапамогай расейскай ракеты з таго ж касмадрому Байканур у 2006 годзе. Улады Беларусі вырашылі зрабіць з гэтай падзеі вялікі палітычны піяр. Дзяржаўныя СМІ задоўга да старту трубілі аб маючым адбыцца гістарычным прарыве ў космас, уступленьні Беларусі ў клюб касьмічных дзяржаў. Лукашэнка асабіста езьдзіў інспэктаваць ход работ над аб’ектам у расейскую карпарацыю «Энэргія» і, нарэшце, каб сабраць увесь ураджай прапагандысцкіх дывідэндаў, прыехаў на запуск спадарожніка на Байканур. Усе павінны былі на свае вочы ўбачыць, хто ёсьць бацькам беларускай касьмічнай праграмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і Пуцін сустрэліся на касмадроме «Восточный». Колькі пакралі на яго будаўніцтве і што стала зь беларускай касьмічнай праграмайАднак здарыўся канфуз. На старце расейская ракета-носьбіт разам з усімі спадарожнікамі на борце ўзарвалася. Скандал здарыўся ня столькі з прычыны самога факту аварыі, колькі ад краху піяраўска-палітычнай спэцапэрацыі. Можна сказаць, што «БелКА» стала ахвярай празьмернай ідэалягічнай нагрузкі. Неўтаймаваныя амбіцыі часта канчаюцца курʼёзам і ставяць ня толькі людзей, а і цэлыя дзяржавы, скажам мякка, у ня вельмі прэзэнтабэльнае становішча.
У выніку запуск касьмічнага апарата Беларусі давялося адтэрмінаваць на шэсьць гадоў. Толькі ў 2012 г. быў запушчаны першы беларускі спадарожнік дыстанцыйнага зандаваньня Зямлі «БКА».
Сёньня на арбіце знаходзяцца тры беларускія спадарожнікі: апарат дыстанцыйнага зандаваньня Зямлі, спадарожнік сувязі «Белінтэрсат-1» і адукацыйны нанаспадарожнік BSU Sat-1 Белдзяржунівэрсытэту.
Варта адзначыць, што ўлады імкнуцца цалкам ідэалягізаваць касьмічны палёт. Лукашэнка 19 сакавіка падпісаў указ аб статусе беларускага касманаўта, у якім адзначаецца, што ён павінен мець «цьвёрдую грамадзянскую пазыцыю», браць актыўны ўдзел у грамадзка-палітычным жыцьці краіны. То бок, у перакладзе на зразумелую мову, касманаўтка павінна ўсяляк дзякаваць і хваліць Лукашэнку, інакш можа пазбавіцца ганаровага статусу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская касманаўтка паляціць на МКС 21 сакавіка. Экіпаж фактычна будзе беларуска-амэрыканскім