Адкрыты ліст апублікаваў на сваім сайце беларускі палітоляг Дзьмітры Балкунец.
Сярод падпісантаў — беларуская пісьменьніца, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч, ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру расейскі журналіст Дзьмітрый Муратаў і ўкраінская праваабаронца Аляксандра Матвійчук, прэзыдэнт Коста Рыкі Оскар Арыяс Санчэс і прэзыдэнт Усходняга Тымора Хасэ Рамас-Орта ды іншыя нобэлеўскія ляўрэаты — у галіне фізыкі, хіміі, мэдыцыны і эканомікі і інш.
У адкрытым лісьце гаворыцца пра 50 тысяч чалавек, якія былі рэпрэсаваныя ў Беларусі за апошнія гады, пра сотні тысяч беларусаў, вымушаных выехаць з краіны, тысячы тых, хто зазнаў катаваньні: «Сярод іх сотні журналістаў, прафэсараў, выкладчыкаў, лекараў, музыкаў, рабочых і студэнтаў, грамадзкія дзеячы і праваабаронцы, у тым ліку ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі».
«За апошнія дзесяцігодзьдзі ў Эўропе не было гуманітарнай катастрофы, зьвязанай з палітычнымі рэпрэсіямі, такога маштабу на душу насельніцтва, як у Беларусі», — гаворыцца ў лісьце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заклікала генэральнага сакратара ААН умяшацца ў сытуацыю з палітвязьнямі ў БеларусіЛяўрэаты Нобэлеўскай прэміі заклікаюць урады ўсіх краінаў ЭЗ прыняць неадкладныя захады, каб спыніць жорсткія рэпрэсіі ў Беларусі, і ціснуць на рэжым Лукашэнкі з мэтай вызваленьня ўсіх беларускіх палітвязьняў з турмаў.
«У прыватнасьці Польшча як суседняя зь Беларусьсю краіна мае ўнікальныя і эфэктыўныя рычагі для такіх дзеяньняў. Напрыклад, адным з такіх эфэктыўных рычагоў зьяўляецца часовае прыпыненьне рэгулярных чыгуначных перавозак грузаў у ЭЗ зь Беларусі, у тым ліку транзыту з Расеі і Кітаю», — гаворыцца ў лісьце.
Адкрыты ліст падпісалі 27 нобэлеўскіх ляўрэатаў, але ў канцы пазначана, што сьпіс будзе дапаўняцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 300 дэпутатаў Эўрапарлямэнту падпісалі паштоўкі для беларускіх палітычных вязьняўНа 21 сакавіка ў Беларусі налічваецца 1411 чалавек, якіх прызнае палітвязьнямі праваабарончая супольнасьць, аднак рэальная колькасьць людзей, якія зазналі палітычныя рэпрэсіі, у тым ліку зьняволеньне, значна большая.