Суд Эўразьвязу ў Люксэмбургу ануляваў рашэньне аб санкцыях супраць «Белшыны», якія ўвялі ў сьнежні 2021 году. Рашэньне апублікаванае на сайце суду 20 сакавіка.
На думку суду, Рада Эўразьвязу дапусьціла памылку пры ацэнцы падтрымкі «Белшынай» рэжыму Лукашэнкі і ўдзеле ў рэпрэсіях супраць грамадзянскай супольнасьці.
Як адзначаецца ў рашэньні суду, Рада ЭЗ не змагла даказаць, што «Белшына» зьяўляецца істотнай крыніцай даходаў для рэжыму Лукашэнкі і што дзяржава наўпрост атрымлівае выгаду з даходаў прадпрыемства. «Белшына», спасылаючыся на фінансавыя дакумэнты, сьцьвярджала, што перад уключэньнем у санкцыйны сьпіс была стратным прадпрыемствам, якое не прыносіла прыбытку.
Таксама суд ЭЗ палічыў недастатковымі доказы ўдзелу «Белшыны» ў рэпрэсіях супраць грамадзянскай супольнасьці. У прыватнасці, на думку суду, Рада ЭЗ не змагла даказаць, што прычынай звальненьня супрацоўнікаў прадпрыемства быў удзел у дэманстрацыях і страйках пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі.
У выніку Суд ЭЗ пастанавіў зьняць санкцыі з прадпрыемства і абавязаў Раду ЭЗ выплаціць выдаткі судовага вядзеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мільярдны доўг і мільённыя страты. Што цяпер зь «Белшынай», дзе затрымалі дырэктараТаксама Эўрапейскі суд 20 сакавіка зьняў санкцыі зь Мікіты Мазепіна, сына беларуска-расейскага алігарха Дзьмітрыя Мазепіна: суд прыйшоў да высновы, што яго сямейная сувязь з бацькам зьяўляецца недастатковай падставай для ўвядзеньня санкцыяў супраць яго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вугоршчына хоча выключыць дзевяць чалавек са сьпісу санкцый Эўразьвязу, у тым ліку беларуска-расейскага алігарха Мазепіна