У Міністэрстве замежных спраў Малдовы заявілі, што не дапусьцяць афіцыйнай расейскай дэлегацыі да ўдзелу ў рэгіянальнай канфэрэнцыі Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, якая адбудзецца ў траўні ў Кішынёве.
У заяве замежнапалітычнага ведамства Малдовы патлумачылі гэтае рашэньне тым, што Расея працягвае агрэсіўную вайну супраць Украіны, чым парушае статут ААН, правакуе шматлікія крызісы і падрывае харчовую бясьпеку на міжнародным узроўні.
Малдова прапанавала абмежаваць удзел расейскай дэлегацыі на ўзроўні прадстаўнікоў амбасады ў Кішынёве або ў онлайн-фармаце.
Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава заявіла, што Кішынёў такім чынам злоўжывае статусам краіны, якая прымае мерапрыемства ААН, і паабяцала, што такія дзеяньні ўладаў Малдовы «не застануцца без адказу з расейскага боку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малдова высылае расейскага дыплямата за адкрыцьцё выбарчага ўчастку ў Прыднястроўі19 сакавіка Міністэрства замежных спраў Малдовы абвясьціла аднаго з супрацоўнікаў расейскай амбасады ў Кішынёве пэрсонай нон-грата і ўручыла паслу Расеі ў Малдове адпаведную ноту. Гэта адбылося пасьля таго, як Расея насуперак забароне ўладаў Малдовы адкрыла выбарчыя ўчасткі ў Прыднястроўскім рэгіёне Малдовы.
6 сакавіка кіраўнік Службы бясьпекі і выведкі Малдовы Александру Мусьцяцэ папярэдзіў, што Расея зьбіраецца ўмешвацца ў выбары і сабатаваць працэс уступленьня Малдовы ў Эўразьвяз.
7 сакавіка ў Парыжы прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і прэзыдэнт Малдовы Мая Санду падпісалі двухбаковае пагадненьне аб абаронным і эканамічным супрацоўніцтве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля пачатку вайны беларусы зьвяртаюцца па грамадзянства Малдовы, Кіргізстану і Армэніі. Што пра гэта вядома