Расказваем пра сям’ю Ганны і Міхася. Прадзеда Ганны раскулачылі і забралі шэсьць кароваў, але потым выплацілі кампэнсацыю. Прадзед Міхася быў тым, хто раскулачваў аднавяскоўцаў, за што яго забілі.
Падставамі, каб адбіраць у людзей уласнасьць, было паўстаньне Кастуся Каліноўскага, сталінскія рэпрэсіі, некалькі хваляў калектывізацыі, «раскулачваньне», надуманыя крымінальныя артыкулы супраць «ворагаў народу», «ненадзейных элемэнтаў», «польскіх шпіёнаў», аб’яднаньне Заходняй Беларусі з БССР, масавыя дэпартацыі, генацыд габрэяў падчас нямецкай акупацыі, пасьляваенныя арышты «калябарацыяністаў», нязгодных з калектывізацыяй, рэлігійных дзеячоў.
Сёньня ў жыхароў Беларусі арыштоўваюць маёмасьць праз крымінальныя справы, заведзеныя паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў, праз палітычна матываваны статус «тэрарыст», канфіскуюць кватэры праз «завочныя суды» над тымі, хто не даспадобы рэжыму Лукашэнкі.
Забралі шэсьць кароваў
Сужонкі Ганна і Міхась* (імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля іхняй бясьпекі, імёны іхных продкаў сапраўдныя. — РС) расказалі Свабодзе гісторыю сваіх сем’яў, якая тычыцца адабранай маёмасьці. Яны займаюцца стварэньнем свайго радаводу. Ганна цікавілася гэтай тэмай яшчэ са школы, Міхась пачаў распытваць бабуляў, калі быў студэнтам.
Прадзеда Ганны па мячы (па бацьку) звалі Раманам, Беларус, вясковец. Нарадзіўся ў 1899 або 1900 годзе. Жыў у цэнтральнай Беларусі. Яго ў вёсцы называлі «сьвятым», бо ён быў вернікам, баптыстам. Дома ў іх былі сьвятыя кнігі, там жа сям’я малілася.
Прадзеда Ганны раскулачылі да Другой усясьветнай вайны «за тое, што ён надта багаты быў». Забралі шэсьць кароваў.
«Паколькі сем’і былі вялікія, гэта было ня так шмат, як выглядае сёньня. Але ўсё адно гэта была важная страта. Гэта былі ўсе іхныя каровы», — расказвае Ганна.
Разам з Раманам раскулачылі ягонага роднага брата і яшчэ 4–5 чалавек з такім жа прозьвішчам з суседняй вёскі. Ганна лічыць, што гэта ейныя сваякі. Які артыкул прыпісалі прадзеду, праўнучка ня ведае.
Зьвесткі пра раскулачанага прадзеда Ганна і Міхась знайшлі ў раённай кнізе «Памяць», а таксама на інтэрнэт-рэсурсах, дзе апублікаваныя сьпісы раскулачаных. Дакумэнтаў пра раскулачваньне прадзеда яны пакуль не знайшлі.
Раман адседзеў у турме і загінуў на вайне
Ад бабулі, Раманавай дачкі, суразмоўца ведае, што вайну прадзед сустрэў у бабруйскай турме. Сядзеў у выніку раскулачваньня. Толькі ў 1943-м яго адпусьцілі. Калі Беларусь вызвалілі ад фашыстоўскіх захопнікаў, Рамана мабілізавалі на вайну. Ён загінуў недзе пад Варшавай.
Раней сям’я нічога больш ня ведала. Але нядаўна Ганна і Міхась знайшлі, што Раман загінуў пад Варшавай, у горадзе Зомбкі. Цяпер пара жыве ў Польшчы і выпадкова арандавала кватэру побач зь месцам гібелі прадзеда.
«Мы знайшлі інфармацыю, што ён перапахаваны на вядомых могілках савецкіх вайскоўцаў на вуліцы Жвіркі і Вігуры ў Варшаве. Нам туды трэба цяпер паехаць і нарэшце знайсьці магілу гэтага Рамана. Я хачу трошку зямлі зь ягонай сядзібы ў Беларусі падсыпаць яму на пахаваньне», — расказвае Ганна.
600 рублёў
Калі кароваў забралі, сям’ю прымусілі пакінуць хату — «значыць, пакінуць усё». Але далёка ад сваёй вёскі яны ня зьехалі. Калі Ганна была яшчэ малая, Раманаву хату хтосьці выкупіў. Цяпер яна амаль цалкам згніла.
«Абрысы хаты яшчэ ёсьць, але яна зусім не жылая і ў вельмі аварыйным стане. Але прынамсі я ведаю, дзе яна, і магу там узяць зямлі», — расказвае беларуска.
Пасьля сьмерці Рамана рэабілітавалі. Дзед Ганны, зяць Рамана, пісаў лісты ўладам, каб ім далі кампэнсацыю за кароваў.
«Гэта значыць, што быў нейкі дакумэнт, дзе напісана, што менавіта 6 кароў забралі. Я б вельмі хацела гэты дакумэнт знайсьці, але пакуль што яго няма», — кажа суразмоўца.
Дзед каля паўгода праслужыў у НКВД, таму ведаў, куды і як пісаць.
«Гэта былі нястрашныя гады. Проста пошукі працы, бо дзед не хацеў працаваць у калгасе. Але ён сышоў з НКВД, бо адчуваў, што гэта было ня вельмі справядліва. Трэба было зьбіраць падатак, ва ўдавы трэба было забіраць апошні мяшок жыта. Дзеду гэта было некамфортна. Ён сам з такіх жа звычайных сялян. І таму ён сышоў сам», — успамінае Ганна.
Па яе словах, пасьля звальненьня з «органаў» дзед працаваў трактарыстам. Бабуля ж дзякуючы яму магла сабе дазволіць ніколі не працаваць у калгасе.
«Напэўна, калі б іншай працы не было, то давялося б. Але добра склаліся ўмовы, што яна магла пазьбегнуць калгаса. Бо адчуваньне несправядлівасьці за бацьку адчувалася ў ейных аповедах», — успамінае Ганна.
Сям’я ўрэшце атрымала кампэнсацыю — паводле розных успамінаў, 600 або 800 рублёў. Гэта адбылося прыкладна ў 1970–1980-х гадах. Аднак гэтых грошай было недастаткова, каб зноў набыць 6 кароў.
«І таму мне ўсе расказваюць пра 6 кароў, бо гэта была як справядлівасьць пасьля сьмерці! Па-першае, Рамана рэабілітавалі. Па-другое, вярнулі кампэнсацыю, хоць ужо, атрымліваецца, унукам. Раманавых многа, дзевяць чалавек, гэта ўсё мая радзіна. Яны памятаюць пра гэтыя 600 рублёў! Гэта быў гонар, што іх вярнулі», — кажа Ганна.
Ейны бацька, унук Рамана, цяпер жыве ў вёсцы, мае вялікую гаспадарку.
«І я адчуваю гэтыя гаспадарскія гены. У бацькоў усё даведзена да ладу. Мой тата вельмі клясны гаспадар. Раней былі гаспадары, іх несправядліва раскулачылі, і я адчуваю, што мы нарэшце прыйшлі да таго моманту, калі справядлівасьць вярнулася», — падсумоўвае беларуска.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На карысьць дзяржавы». Прадзеда выселілі, дзеда пасадзілі, бацьку ледзь не расстралялі. Гісторыя рэпрэсій сям’і палітыка МілінкевічаЗабойства старшыні сельсавету
Міхась у сваіх пошуках продкаў дайшоў да сярэдзіны XVIII стагодзьдзя. Адна з самых загадкавых гісторый тычылася ягонага прадзеда па кудзелі (па маці) Сямёна. Ён жыў у вёсцы Востраў Клічаўскага раёну (цяпер — Стары Востраў).
Бабуля Міхася, дачка Сямёна, расказвала ўнуку, што той быў партыйным дзеячом, актыўным савецкім рабочым, загінуў падчас вайны, у 1942 годзе. Як гэта было, не расказвала. На далейшыя пытаньні адказваць не хацела, закрывалася.
«Я думаў, што ён ці то партызан, ці то падпольшчык. Шукаў яго па ўсіх сьпісах — няма. Калі пачаў капаць, то зразумеў, што нешта не стыкуецца», — успамінае Міхась.
Толькі нядаўна ўнук здолеў разгаварыць бабулю і даведацца праўду. Аказалася, што Сямён быў старшынём сельсавету, раскулачваў аднавяскоўцаў. У 1942 годзе людзі злавілі яго ў лесе, забілі, цела кінулі. Ягоныя сыны, браты бабулі Міхася, якім тады было па 15–16 гадоў, пайшлі ноччу ў лес, знайшлі цела і ў лесе закапалі.
«Яны баяліся вясковай помсты. Не прынесьлі цела дадому, не памылі, не пахавалі на могілках, а проста прыкапалі», — расказвае Сямён.
Ён прызнаецца, што непрыемна адкрываць такую праўду пра свой род.
«Я думаў, у мяне дзед герой... А што мы яшчэ ня ведаем?» — разважае Міхась.
Ганна дадае, што пакаленьне ўзросту іхных дзядоў дасьледчыкі называюць «маўклівым». Яно не ўвабрала ў сябе традыцыйную беларускую культуру. Шмат у чым яна перарвалася на іх.
«Бо баяліся. Іх вучылі, што гэта ўсё ня трэба, ня варта. Яны абясцэньвалі, не перадавалі сваім дзецям. Яны вельмі траўмаваныя. Таму мы маем дзірку ў разьвіцьці нацыянальнай сьвядомасьці. Мы тыя, хто аднаўляе, цікавіцца, спрабуем гэтую дзірку закрыць, перакінуць мосьцік назад, каб даведацца, што было ў „маўклівым пакаленьні“ і глыбей за іх, каб адтуль узяць сілы і разьвівацца далей», — кажа Ганна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ўпэўнены на 99,99%». Беларус кажа, што знайшоў пахаваньне брата Ларысы Геніюш, які загінуў пад Монтэ-Касіна. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зямлі было гектараў дваццаць». Як у сямʼі з-пад Горадні бальшавікі забралі гаспадарку