Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) заявіў, што так званыя Гульні дружбы, якія арганізоўвае Расея ў 2024-м і 2026 годзе, зьяўляюцца палітызаванымі і супярэчаць асноватворным прынцыпам Алімпійскай хартыі і рэзалюцыям Генасамблеі ААН.
«Гэта цынічная спроба Расейскай Фэдэрацыі палітызаваць спорт. Камісія атлетаў Міжнароднага алімпійскага камітэту, якая прадстаўляе ўсіх алімпійскіх спартоўцаў сьвету, выразна выступае супраць выкарыстаньня спартоўцаў у палітычнай прапагандзе. Камісія нават бачыць рызыку таго, што іх урады прымусяць спартоўцаў удзельнічаць у такім цалкам палітызаваным спартовым мерапрыемстве, што будзе выкарыстоўвацца ў рамках палітычнай прапагандысцкай кампаніі», — адзначаецца ў заяве МАК, абнародаванай на афіцыйным сайце.
Паводле інфармацыі МАК, першыя летнія Гульні дружбы плянуюць правесьці ў Маскве і Екацярынбургу ў верасьні 2024 году, а зімовыя — у Сочы ў 2026 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскіх спартоўцаў палохаюць наступствамі за згоду выступіць на Алімпіядзе ў Парыжы ў нэўтральным статусеУ заяве таксама адзначаецца, што расейскі ўрад таксама дэманструе поўную непавагу да сусьветных антыдопінгавых стандартаў і сумленнасьці спаборніцтваў. У дакумэнце нагадалі аб маніпуляцыях з антыдопінгавымі вынікамі на зімовых Алімпійскіх гульнях у Сочы ў 2014 годзе.
МАК паведаміў, што на мінулым тыдні Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) выказала сваю заклапочанасьць з нагоды плянаў Расеі правесьці ў верасьні 2024 году Гульні дружбы.
У арганізацыі нагадалі, што Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва Расеі не адпавядае кодэксу WADA. Апроч таго, у Расеі цяпер няма ніводнай акрэдытаванай WADA лябараторыі, а агульны давер да антыдопінгавай сыстэмы ў Расеі застаецца нізкім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускім тэнісісткам Сабаленцы і Азаранцы дазволілі гуляць на Алімпіядзе ў Парыжы і ў парным разрадзеУ WADA таксама заклікалі спартоўцаў «не легітымізаваць гэтае мерапрыемства, паколькі Агенцтва ня можа паручыцца за антыдопінгавую праграму, якая можа ня дзейнічаць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МАК заявілі аб неабходнасьці паўторнай праверкі беларускіх і расейскіх спартоўцаў, якія адабраліся на Алімпіяду