Эстонія высылае расейскага дыплямата празь «небясьпеку гібрыдных апэрацый»

Эстонскі сьцяг над будынкам парлямэнту краіны. Талін

У Маскве заявілі аб «кроках у адказ».

У МЗС Эстоніі аб’явілі супрацоўніка расейскага пасольства ў Таліне пэрсонай нон грата, адпаведную ноту эстонскае замежнапалітычнае ведамства ўручыла амбасадару РФ у краіне, піша партал ERR.ee.

У МЗС Эстоніі, камэнтуючы рашэньне аб высылцы расейскага дыплямата, заявілі, што эстонскія ўлады «ня маюць намеру трываць дзеяньні Расеі супраць незалежнасьці і сувэрэнітэту краіны».

«Гібрыдныя апэрацыі супраць бясьпекі Эстонскай Рэспублікі, якія каардынуюцца расейскімі спэцслужбамі, павінны спыніцца», — падкрэсьлілі ў ведамстве.

У Маскве заявілі, што зробяць «крокі ў адказ».

Папярэдні раз МЗС Эстоніі абʼяўляла расейскага дыплямата пэрсонай нон грата ў сакавіку 2023 году. Прычынай для яго выправаджэньня было тое, што супрацоўнік расейскага пасольства «прымаў непасрэдны і актыўны ўдзел у падрыве бясьпекі і канстытуцыйнага ладу Эстоніі, распаўсюджваньні прапаганды, якая апраўдвае ваенныя дзеяньні Расеі, і займаўся расколам грамадзтва Эстоніі».

Дыпляматычныя адносіны Расеі і Эстоніі паніжаныя да ўзроўня часовых павераных у справах. У студзені 2023 году Эстонія запатрабавала скараціць колькасьць супрацоўнікаў расейскага пасольства. У адказ расейскі МЗС загадаў амбасадару Эстоніі Маргусу Лайдры пакінуць краіну, аналягічнае патрабаваньне да расейскага амбасадара Ўладзіміра Ліпаева выставілі і ўлады Эстоніі.

У кастрычніку 2022 году парлямэнт Эстоніі ўхваліў рэзалюцыю, дзе асуджае анэксію ўкраінскіх тэрыторый і абвяшчае Расею дзяржавай – спонсарам тэрарызму. Эстонія заявіла, што ніколі не прызнае парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны ў выніку агрэсіі і правядзеньня сфальсыфікаваных рэфэрэндумаў. «Шляхам правапарушэньня ніколі немагчыма стварыць права. Пуцінскі рэжым, які пагражае ядзернай зброяй, зрабіў Расею самай вялікай пагрозай міру як у Эўропе, так і ва ўсім сьвеце», — сказана ў рэзалюцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малдова высылае расейскага дыплямата за адкрыцьцё выбарчага ўчастку ў Прыднястроўі