Неспрыяльнымі фактарамі, якія ўплываюць на беларускі рытэйл, сталі разьвіцьцё інтэрнэт-гандлю, адток кадраў і зьніжэньне фінансавых паказчыкаў у галіне з прычыны дзяржаўнага рэгуляваньня цэнаў, паведамляе «Эканамічная газета» («ЭГ») са спасылкай на сустаршыню і дырэктара Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў (МССПіП) Віктара Маргелава.
На круглым стале, праведзеным МССПіП у сярэдзіне сакавіка, кіраўнік саюзу канстатаваў, што хуткія тэмпы росту інтэрнэт-гандлю, «а дакладней, расейскіх маркетплэйсаў», зрабілі іх «магутным канкурэнтам крамам, якія гандлююць нехарчовымі таварамі».
Паводле інфармацыі аб’яднаньня, «найлепшыя вынікі росту» ў найбуйнейшых гандлёвых пляцовак, сярод якіх Wildberries (рост на 74% за 2023 год), Ozon і інш.
У сувязі з гэтым МССПіР прапанаваў «вызначыць заканадаўчыя абмежаваньні гранічнай долі выручкі ў продажы канкрэтных таварных груп маркетплейсамі і інтэрнэт-крамамі... ня больш за 20% у раздробным таваразвароце онлайн-гандлю краіны».
Дырэктар Рэспубліканскага фонду садзейнічаньня разьвіцьцю прадпрымальніцтва Тацяна Быкава ў адказ на гэтую прапанову заявіла, што «маркетплэйсы ... прыйдуць», колькі б зь імі не змагаліся, «бо сьвет ідзе па гэтым шляху». На яе думку, у Беларусі неабходна «шукаць шляхі», каб рабіць гандаль больш эфэктыўным.
«Пастанова № 713, якая прадугледжвае маштабнае цэнавае рэгуляваньне, на пэўным этапе разьвіцьця краіны была неабходная, у тым ліку для пабудовы мабілізацыйнай эканомікі, — цытуе „ЭГ“ Быкаву. — Аднак у будучыні ад паўсюднага цэнавага рэгуляваньня неабходна адыходзіць і тым самым павышаць і эфэктыўнасьць работы гандлю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Санкт-Пецярбурзе згарэў вялікі склад Wildberries ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі супрацоўнікі Wildberries страйкуюць праз новую сыстэму штрафаў і нявыплату заробкаў. Ці закранула гэта беларускія крамы?