Па дадзеных МНС Расеі, склад разьмешчаны ў Пушкінскім раёне пры выезьдзе на Маскоўскую шашу — там знаходзіцца склад кампаніі Wildberries. Узгараньню быў прысвоены максымальны, пяты ранг складанасьці. Прычына пажару пакуль невядомая, пацярпелых няма, заявілі ў МНС Расеі.
У якасьці адной з папярэдніх вэрсій пажару разглядаецца падпал складзкога комплексу, піша РБК са спасылкай на крыніцу, блізкую да МНС.
Як піша тэлеграм-канал SHOT, агонь падышоў ушчыльную да стаянкі грузавікоў дальнабойшчыкаў, разьмешчанай побач са складам.
Па дадзеных тэлеграм-канала Baza, пажар пачаўся на 7 паверсе склада з адзеньнем.
«Каля 7:30 работнікі пачалі ратавацца з будынка — многія скакалі з 2-3 паверха проста на бэтон, таму што каля аварыйнага выхаду была моцная таўкучка. Адзін з пацярпелых атрымаў моцны апёк ногі. Паводле яго слоў, ёсьць яшчэ пацярпелыя», — гаворыцца ў паведамленьні.
За тыдзень да пажару на першым і другім блёках склада некалькі разоў фальшыва спрацоўвала пажарная сыгналізацыя, таму ў дзень пажару супрацоўнікі спачатку вырашылі, што сыстэма зноў памылілася, піша Baza.
У ліквідацыі пажару прымалі ўдзел 270 чалавек і 57 адзінак тэхнікі МНС Расеі.
Урон ацэньваюць каля 140 мільёнаў даляраў.