Пра арышт пастара з Новалукомля паведамляў у канцы лютага тэлеграм-канал «Хрысьціянская візія».
Па інфармацыі тэлеграм-каналу, прычынай затрыманьня стала малітва за Ўкраіну. Зарэцкі і ягоныя вернікі зазнавалі перасьлед міліцыі ня раз. У 2021 годзе ў пастара быў вобшук, увесну 2023-га яго затрымлівалі за «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Цяпер у Банку судовых рашэньняў апублікавалі падрабязнасьці адміністрацыйнай справы супраць Зарэцкага.
Паўторна пасьля 15 сутак яго судзілі зноў 5 сакавіка ў судзе Чашніцкага раёну. Паводле пастановы, 18 лютага пастар, знаходзячыся ў царкве на службе, «у прысутнасьці грамадзян, з мэтай выказваньня сваіх грамадзка-палітычных інтарэсаў зрабіў выказваньні:
«Памолімся за тых, хто ў турмах з сфальсыфікаваных прычынаў», «Паглядзіце, як вышэйшыя чыноўнікі гавораць адно, а на вуліцах людзі бачаць іншае», «Нам загадваюць гаварыць, што ўсё добра, усё падабаецца, і часам лепш пагаджацца», «людзі на У. — здраднікі, калі прыйшлі рускія, яны ўпалі ім у ногі», «Давайце маліцца за У., прыходзьце на малітвы за У.».
Суд палічыў, што такімі выказваньнямі пастар «прыняў удзел у пікетаваньні» без дазволу райвыканкаму.
Зарэцкі на судзе не прызнаў віны і сказаў, што выказваньні ў пратаколе былі вырваныя з кантэксту, ужываліся ім як прыклад для тлумачэньня ў час пропаведзі.
На пастара ў міліцыю данесьлі чыноўнікі з Чашніцкага райвыканкаму, якія падалі ў «органы» адпаведную «інфармацыйную запіску». Міліцыя знайшла трох сьведак пропаведзі.
У пастанове суду адзначана, што правапарушэньне «пікет» Зарэцкі зьдзейсьніў паўторна. Гэта можа сьведчыць, што і першыя 15 дзён арышту ён атрымаў за пропаведзі.
Пастар атрымаў яшчэ 15 дзён арышту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: пастара з Новалукомля арыштавалі на 15 сутак за малітву аб Украіне