Што паказаў «Поўдзень супраць Пуціна»? Тлумачэньне экспэрта Яраслава Шымава

Каля аднаго з выбарчых участкаў у Тальяці.

Якімі былі маштабы пратэставай акцыі «Поўдзень супраць Пуціна» падчас расейскіх прэзыдэнцкіх выбараў? Чым цяперашнія выбары ў Расеі падобныя і чым адрозныя ад галасаваньняў у Беларусі ў 2020, 2022, 2024-м гадах? Навошта расейскія ўлады напампоўвалі яўку ў першыя дні галасаваньня? Ці прызнае Захад вынікі сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў у РФ?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае палітычны аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода Яраслаў Шымаў.

Сьцісла

  • Акцыі «Поўдзень супраць Пуціна» адбыліся ў многіх гарадах Расеі, яны аказаліся даволі заўважнымі.
  • Гэтыя акцыі ўлады не разганялі, але ня выключана, што рэпрэсіі за іх будуць пазьней.
  • Улады прынамсі крыху асьцерагаліся гэтых акцыяў, таму напампоўвалі яўку ў першыя дні галасаваньня — у пятніцу і суботу.
  • Ня выключана, што ў РФ лічбы яўкі і вынікаў галасаваньня не фальшуюцца цалкам, там гэта паліттэхналягічная маніпуляцыя, а не татальная фальсыфікацыя.
  • Магчыма, што з боку буйных дзяржаваў Захаду ня будзе непрызнаньня прэзыдэнцкіх выбараў у РФ.

— Завяршыліся выбары прэзыдэнта Расеі. 17 сакавіка а 12 гадзіне па мясцовым часе ў расейскіх гарадах апазыцыя праводзіла акцыю «Поўдзень супраць Пуціна». Ідэя акцыі: у адзін і той жа час прыйсьці на выбарчыя ўчасткі і тым самым выказаць свой пратэст. Ці ёсьць нейкія ацэнкі, якія маштабы набыла гэта акцыя?

Яраслаў Шымаў

— Статыстычна ацаніць вельмі цяжка. Але ў многіх гарадах Расеі, сапраўды, былі зафіксаваныя значныя натоўпы людзей на ўчастках менавіта апоўдні. У нас ёсьць відэазапісы з Новасібірску, Іркуцку, іншых гарадоў. У асноўным гэта ўсходняя частка Расеі, паколькі гадзінных паясоў там шмат. Дый з Масквы відэа чэргаў на выбарчых участках апоўдні таксама ёсьць. З розных участкаў паступаюць паведамленьні, што людзі прыйшлі. Колькасьць іх розная. Недзе гэта дзясяткі людзей, недзе — сотні.

Шмат відэазапісаў са зразумелых прычын з-за мяжы. Там — вялікія чэргі, пачынаючы ад самых экзатычных месцаў накшталт Тайлянду і заканчваючы Армэніяй. Там акцыя бачная.

Наколькі гэта можна лічыць посьпехам? Тут няхай палітычныя ацэнкі даюць самі арганізатары. Але нельга сказаць, што нічога ня здарылася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі — заключны дзень прэзыдэнцкіх выбараў. Апазыцыя спадзяецца на акцыю «Поўдзень супраць Пуціна»

— Можна правесьці нейкую аналёгію зь Беларусьсю. У 2022 годзе ў краіне праводзіўся канстытуцыйны рэфэрэндум — ён адбываўся на трэці дзень пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай. І тады людзі на выбарчых участках праводзілі імправізаваныя мітынгі. Яны ня толькі стаялі ў чэргах. Па выніках тых пратэстаў былі затрыманыя сотні людзей. Ці можна параўнаць тыя акцыі і сёньняшні «Поўдзень супраць Пуціна»?

— Складана ацэньваць, таму што ў Расеі зараз гэтыя падзеі толькі адбываюцца. І тут пытаньне ў тым, што рэпрэсіі бываюць часам адкладзеныя. Сфатаграфавалі, камэры нешта зафіксавалі, а потым па чалавека прыйдуць — затрымаюць, выганяць з працы, адлічаць з ВНУ. Пагрозы рэпрэсіяў за ўдзел у «Поўдні супраць Пуціна» з боку ўладаў былі. Натуральна, афіцыйна было заяўлена, што гэтая акцыя накіраваная на зрыў выбараў.

Хаця, зь іншага боку, што тут інкрымінаваць? Кожны, хто прыйшоў на ўчастак а 12 гадзіне, можа сказаць, што прыйшоў прагаласаваць. Можа сказаць, што мае права нікому не казаць, за каго будзе галасаваць. Магчыма, і за Пуціна. Але вось прыйшоў а 12 гадзіне. Так выйшла, менавіта зараз аказаўся вольны час. Гэта значыць, падлавіць чалавека складана, калі няма ніякіх здарэньняў.

Але, тым ня менш, потым для ўдзельнікаў акцыі наступствы могуць быць. Так ня раз здаралася цягам апошніх гадоў. І ў Расеі, і ў Беларусі. У Беларусі да гэтага часу перасьледуюць людзей за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, адсочваюць па відэазапісах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманьні прыхільнікаў Надзеждзіна, укід бюлетэняў, спробы падпалу ўчасткаў і псаваньня бюлетэняў: як праходзяць выбары ў Расеі

— Былі перасьцярогі, што расейскія ўлады пачнуць разганяць гэтыя чэргі, якія сабраліся а 12 гадзіне. Такое было?

— Наколькі я зразумеў, гэтага не адбывалася. Мабыць, яшчэ і таму, што характар акцый паўпадпольны, прыхаваны. Няма ні транспарантаў, ні нейкіх пратэставых воклічаў. Людзі прыйшлі на выбарчы ўчастак. Яны маюць на гэта права. Падкапацца цяжка, калі гэтыя людзі не заліваюць зялёнку ў скрыні для бюлетэняў. А такія выпадкі ў першыя дні галасаваньня былі. Але там, дзе такога сёньня не было, там улады «Поўдзень супраць Пуціна» не разганялі.

— А чэргі а 12 гадзіне — яны былі істотна большыя, чым тыя, якія стаялі на выбарчых участках у іншы час — і сёньня, і ў папярэднія дні галасаваньня?

— Так, большыя. І гэта было бачна. Сёлета ў Расеі тры раўнапраўныя дні галасаваньня. Але шмат хто па-старому лічыць, што ў нядзелю — асноўны дзень галасаваньня. У пятніцу, паводле ЦВК, яўка склала 38%, за два першыя дні галасаваньня — 58%. Пятніца была апошнім працоўным днём. На бюджэтнікаў аказваўся ціск, каб яны прагаласавалі менавіта 15 сакавіка. Вяртаючыся да «Поўдня супраць Пуціна», яшчэ раз паўтару, што «яўка» на яго была прыкметна вышэйшая, чым у сярэднім у любы іншы час зь пятніцы па нядзелю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін спадзяецца зламаць Украіну, а потым паглынуць Беларусь, — палітоляг Аляксандар Марозаў

— Расейская сыстэма выбараў адрозьніваецца ад беларускай. У Беларусі ўжо на некалькіх выбарах — 5 дзён датэрміновага галасаваньня плюс асноўны дзень. У Расеі сёлета датэрміновае галасаваньне расьцягнулася на 18 дзён — з 25 лютага па 14 сакавіка. У ім паўдзельнічалі 2% выбаршчыкаў. Але плюс да гэтага ў РФ устанавілі тры дні асноўнага галасаваньня. У чым быў сэнс такой даволі мудрагелістай сыстэмы?

— Для таго, каб забясьпечыць максымальны ўдзел. І дадатковыя магчымасьці маніпуляцыі вынікамі. Словам, каб усё прайшло як па нотах. Чым больш у вас часу для выкананьня адказнага заданьня, тым большая верагоднасьць, што вы яго ўсё ж такі выканаеце, так бы мовіць, «з гонарам».

Іншага тлумачэньня я ня бачу. Сучасныя тэхналёгіі дазваляюць хутка палічыць вынікі. У свой час у Вялікай Брытаніі таксама былі выбары, расьцягнутыя на месяц. Але там тады лічылі ўручную.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На тэрыторыі Расеі трэці дзень ідуць баі, расейскае войска працягвае абстрэлы Ўкраіны

— На расейцаў вельмі ціснулі, каб яны прагаласавалі ў пятніцу, 15 сакавіка, тады прагаласаваў і Ўладзімір Пуцін. Лукашэнка, дарэчы, заўсёды галасуе ў асноўны, апошні дзень галасаваньня. Гэты ціск на 15 сакавіка — ці ня сьведчыў ён пра тое, што расейскія ўлады ўсё ж крыху асьцерагаліся акцыі «Поўдзень супраць Пуціна»? За два дні галасаваньня яны забясьпечылі (ці намалявалі) 58%.

— Напэўна, збольшага і гэта было матывам. Я не магу сказаць, што Крамлю «Поўдзень супраць Пуціна» быў зусім абыякавы. Ніхто ня мог меркаваць, якога маштабу дасягне гэтая акцыя.

Разьвітаньне з Аляксеем Навальным, акцыі ў першыя дні пасьля ягонага пахаваньня мелі даволі масавы характар. І можна было меркаваць, што «Поўдзень супраць Пуціна», прынамсі ў Маскве і буйных гарадах, ня пройдзе незаўважна.

Таму — так, я з вамі пагаджуся, такі матыў таксама мог быць — што значны масіў людзей ужо адгаласаваў да 17 сакавіка. Але, зь іншага боку, тут ня так усё адназначна, таму што бюджэтнікі, народ адносна дысцыплінаваны — гэта не зусім тыя, хто зьбіраўся ўдзельнічаць у гэтай акцыі пратэсту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Крэмль праводзіць галасаваньне «на лавачцы» ў акупаваных Марыюпалі і Данецку. Відэа

— У гэтыя дні зь некаторых рэгіёнаў РФ паступалі зьвесткі пра «карусэлі», пра фальсыфікацыі. У Беларусі «карусэляў» на выбарах няма. Ёсьць меркаваньне, што ў Беларусі галасы на выбарах проста ня лічацца, што там «малююцца» і яўка, і вынікі галасаваньня. А ў Расеі? Вось, скажам, яўка ў 58% за два дні галасаваньня — як яна суадносіцца з рэальным удзелам у выбарах?

— Складана сказаць адназначна, але, мне здаецца, у такой вялізнай краіне складана ўсё трымаць пад кантролем і расьпісаць загадзя і яўку, і вынікі.

Мне падаецца, што проста выбаршчыкі, пастаўленыя ў пэўныя ўмовы, у большасьці ідуць і галасуюць. І яўка, і вынікі нейкім чынам адпавядаюць рэальным паводзінам людзей. Тут варта ўлічваць цяперашнюю сытуацыю вайны і бесьперапыннае прамываньне мазгоў прапагандай.

Гэта значыць, мэханічна гэта адбылося. Зразумела, што рэальным волевыяўленьнем гэта лічыць нельга. Але мне падаецца, што гэта ня цалкам сфальсыфікаваная рэальнасьць. Яна зманіпуляваная прапагандай і паліттэхналёгіямі, але ня цалкам сфальсыфікаваная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі пачалося трохдзённае галасаваньне на выбарах прэзыдэнта. Пуцін ідзе на на пяты тэрмін

— Мы з вамі памятаем, як у жніўні 2020 году ў Празе каля амбасады Беларусі стаяла вялізная чарга людзей, і па выніках тых выбараў трыюмфальную перамогу ў Празе атрымала Сьвятлана Ціханоўская. Сёлета каля расейскай амбасады таксама было вельмі шмат людзей, некалькі тысяч.

І нехта, можа, падумаў, што расейцы ў Чэхіі пайшлі падтрымаць Пуціна. Аднак экзытпол паказаў, што чвэрць зь іх зрабілі свае бюлетэні несапраўднымі, а дзьве траціны прагаласавалі за няўцямнага кандыдата Вячаслава Даванкова. У чым быў сэнс такога «разумнага» галасаваньня (у двукосьсі ці без двукосься)?

— Гэта тая самая схема, якую практыкавалі яшчэ пры жыцьці Аляксея Навальнага, якая, уласна, атрымала зь яго лёгкай рукі назву «Разумнае галасаваньне». Сьвята непаслухмянасьці ў тым сэнсе, каб галасаваць за каго заўгодна, але не за Пуціна, не за кандыдата «Адзінай Расеі».

Я ня ўпэўнены, што такая тактыка мае вялікі палітычны сэнс, бо перамагчы такі кандыдат, канечне, ня можа.

На выбарах 2018 году кандыдат ад камуністаў Павел Грудзінін набраў 11%. У адміністрацыі прэзыдэнта РФ палічылі такі вынік недапушчальна высокім. Гэта значыць, нельга набіраць больш за 10% ніякаму кандыдату, няхай ён будзе тройчы спойлер або бясьпечная фігура.

Але гэта проста гаворыць пра адчайнасьць сытуацыі. У свой час у Расеі хадзіў мэм, які перайначваў вернападданую формулу «калі не Пуцін, то хто?» — у формулу «калі ня Пуцін, то кот». Гэта значыць — хоць за ката галасаваць, хоць за каго заўгодна. Галасаваньне ў Празе за Даванкова — гэта было такім галасаваньнем «за ката». Даванкоў — фігура, вядома, хутчэй камічная, чым рэальны кандыдат. Нейкія рысы рэальнага кандыдата набываў Барыс Надзеждзін, але яго не зарэгістравалі ў якасьці кандыдата.

— Паглядзеў афіцыйныя лічбы яўкі ў першыя два дні: «ЛНР» — 64%, Херсонская вобласьць — 78%, Запароская вобласьць — 73%, Чачня — 90%. І па Белгарадзкай і Курскай абласьцях, дзе ідуць баі, яўка вышэйшая, чым у сярэднім па РФ. Што азначаюць гэтыя лічбы?

— Добра, што вы задалі гэтае пытаньне. Калі я гаварыў пра тэндэнцыі і асаблівасьці галасаваньня, то меў на ўвазе сытуацыю на міжнародна прызнанай тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі.

На акупаваных тэрыторыях, зразумела, усё інакш. Незразумела, як там складаліся сьпісы. Вялізная колькасьць людзей падчас вайны пакінула гэтыя тэрыторыі. Там зусім незразумелая сытуацыя з грамадзянствам: каму як раздавалі гэтыя пашпарты, хто іх прыняў, хто не прыняў.

Вось там узровень прамых фальсыфікацый зашкальвае. Ня кажучы ўжо пра тое, што галасаваньне на акупаваных тэрыторыях з пункту гледжаньня міжнароднага права робіць самі выбары расейскага прэзыдэнта нелегітымнымі.

Што да рэгіёнаў, дзе адбываюцца абстрэлы — Белгарад, Курск,— там сытуацыя вельмі драматычная, але ўсё ж гэта не зусім прыфрантавая зона.

Думаю, што там сытуацыя — нешта паміж акупаванымі тэрыторыямі і міжнародна прызнанай Расеяй.

Ну, а што да рэжыму Рамзана Кадырава, то гэта фармальна суб’ект РФ, але дэ-факта там свае законы. Так што там дзівіцца нічому не даводзіцца, там усё як заўсёды.

Шэраг палітыкаў у Эўропе заклікаюць заходнія краіны фармальна не прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі і, адпаведна, перастаць лічыць і называць Пуціна прэзыдэнтам Расеі. Перавесьці яго ў стан, у якім з 2020 году знаходзіцца Аляксандар Лукашэнка. Гэта можа адбыцца?

— Ну, я ня думаю, што прынамсі буйныя краіны Захаду зараз пойдуць на такі крок.

Мы бачым, як разьвіваецца сытуацыя на фронце ва Ўкраіне. На Захадзе зараз гучаць розныя галасы. Раптам Эманюэль Макрон стаў вельмі актыўным, зрабіўся (прынамсі рытарычна) прыхільнікам усялякай падтрымкі Ўкраіны і нават, магчыма, пасылкі туды войскаў заходніх краін.

Але ў большасьці прадстаўнікоў краін ЭЗ і NATO пазыцыя больш асьцярожная. І недзе на заднім пляне ў іх прачытваецца думка, што можа надысьці сытуацыя, калі трэба будзе весьці нейкія перамовы. А не прызнаць Пуціна легітымным азначала б адсекчы магчымасьць такіх кантактаў. Мне здаецца, зараз большасьць краін Захаду на гэта ня пойдзе.

Такія жэсты могуць зрабіць некаторыя цэнтральна- і ўсходнееўрапейскія краіны. Адным з матываў, дзеля якіх некаторыя краіны могуць адмовіць Пуціну ў прызнаньні, будзе правядзеньне выбараў на акупаваных тэрыторыях. Але каб гэта здарылася на ўзроўні ЭЗ — гэтага ня будзе дакладна. Тым больш што ў ЭЗ ёсьць такія краіны, як Вугоршчына і Славаччына, якія займаюць вельмі мяккую пазыцыю адносна расейскай агрэсіі ва Ўкраіне.