Паводле слоў міністаркі замежных спраў Манголіі Батмунхійн Батцэцэг, для Ўлан-Батара важны візыт Лукашэнкі «ня толькі ў якасьці кіраўніка дзяржавы, але і як асобы», адзначае «Позірк».
«Мангольскі народ бачыць у ім адважнага лідэра і мудрага дзяржаўнага дзеяча, таму мы надаём гістарычны характар маючаму адбыцца візыту», — сказала Батцэцэг на сустрэчы зь беларускім калегам Сяргеем Алейнікам.
Згодна з інфармацыяй на сайце беларускага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Манголіі, гэта будзе першы афіцыйны візыт Лукашэнкі ў гэтую краіну. Яго тэрміны не называюцца.
Беларуская дэлегацыя на чале з Алейнікам наведвае Ўлан-Батар 15–16 сакавіка.
Пасольства Беларусі ў Манголіі было адкрыта 30 чэрвеня 2014 году, пасольства Манголіі ў Беларусі пачало працаваць толькі 21 траўня 2020 году.
Паводле зьвестак беларускага дыпляматычнага прадстаўніцтва, тавараабарот паміж дзьвюма краінамі ў 2021 годзе склаў 43 млн 554,9 тыс. даляраў. Пры гэтым зь Беларусі ў Манголію было пастаўлена прадукцыі на 43 млн 540,1 тыс. даляраў, а з Манголіі ў Беларусь — усяго на 14,8 тыс.
Даныя па гандлі за 2022 і 2023 гады не апублікаваныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка запрасіў у Беларусь прэзыдэнта Манголіі