«Сёньня мы тут сабраліся ня толькі для таго, каб дыскутаваць, але і каб аб’яднаць сілы для істотных і так неабходных Беларусі зьменаў, — сказала яна. — Чатыры гады таму ў Беларусі адбыліся сфальсыфікаваныя выбары, а пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну праз два гады наш рэгіён ахапіла няпэўнасьць і напружанасьць. Перад такімі выклікамі можа здавацца, што пэрспэктывы беларускай дэмакратыі змрочныя, але заклікаю не паддавацца адчаю і сумневам», — сказала 15 сакавіка Вікторыя Чміліце-Нільсэн ў Вільні на круглым стале «Інвэстыцыі ў доўгатэрміновую будучыню Беларусі: ключавыя стратэгіі рэформаў».
«Шлях наперад існуе. Беларуская дэмакратычная апазыцыя застаецца, яна няўхільна працуе. Яе прыхільнікі ёсьць у Вільні, Варшаве, іншых сталіцах, а таксама ў самой Беларусі. На чале зь Сьвятланай Ціханоўскі рух пасьлядоўна адстойвае праўду аб тым, што рэжым Лукашэнкі не прадстаўляе жаданьняў людзей, падкрэсьліваючы, што важна захоўваць ціск і ўзмацняць санкцыі», — адзначыла яна.
Чміліце-Нільсэн чарговы раз выказала «цьвёрдую падтрымку дэмакратычным сілам, іх лідэру і яе камандзе, усім, хто нястомна працуе на карысьць беларускай свабоды і дэмакратыі». Зь яе словаў, беларускаму дэмакратычнаму руху трэба «пасьлядоўна працаваць і з аднадумцамі, і зь дзяржавамі, менш паглыбленымі ў кантэкст».
«Трэба працягваць дыпляматычныя намаганьні, ізаляваць рэжым Лукашэнкі, выказвацца за далейшае ўзмацненьне санкцыяў, — сказала старшыня літоўскага парлямэнту. — Мы таксама павінны прызнаваць важнасьць барацьбы Ўкраіны. Перамога Ўкраіны вельмі важная ня толькі для яе будучыні, але і для шырэйшай барацьбы за свабоду, у тым ліку ў Беларусі. Я перакананая, што ўступленьне Ўкраіны ў ЭЗ і зьвязаныя з гэтым зьмены закрануць жыцьцё кожнага ўкраінца і стануць яшчэ адным добрым прыкладам для беларусаў, каб яны імкнуліся да эўрапейскай дэмакратычнай будучыні».
Чміліце-Нільсэн заявіла, што «важна захаваць адзінства літоўцаў і беларусаў, не паддавацца на спробы Крамля пасеяць варожасьць». «Мы бачым выкарыстаньне гібрыдных, дэзынфармацыйных сродкаў, у тым ліку памылковай інтэрпрэтацыі гісторыі. Мы павінны супраціўляцца такім намаганьням і спрыяць узаемаразуменьню», — падкрэсьліла яна.
Сустрэчы, падобныя да цяперашняга круглага стала і Форуму Каліноўскага, які «пройдзе на наступным тыдні», «адыгрываюць вельмі важную ролю ў дасягненьні такіх мэтаў». Паводле словаў сьпікеркі, у Літве жывуць больш за 60 тыс. беларусаў, «таму вельмі важна, каб асобныя людзі ці групы не выступалі ад імя ўсіх беларусаў».
«Адзінства беларусаў, якія жывуць у Літве, таксама важнае для жыцьцяздольнасьці беларускай апазыцыі. Таму я заклікаю ўзмацняць арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, ініцыятывы грамадзянскага руху, інвэставаць у грамадзянскую асвету, узмацненьне патэнцыялу грамадзкіх арганізацыяў, дэмакратычных сетак, што можа значна ўмацаваць дэмакратычныя сілы Беларусі», — заявіла старшыня літоўскага парлямэнту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня Сейму Літвы пра выпадак зь беларускім міліцыянтам: гэта не павінна ўплываць на разьмежаваньне беларусаў і расейцаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Літвы не падтрымліваюць ініцыятыву аб закрыцьці школ з навучаньнем на мовах нацыянальных меншасьцяў