У Генэральным штабе Ўзброеных сілаў Украіны паведамілі аб правядзеньні ў чатырох раёнах Кіеўскай вобласьці контрадывэрсійных захадаў.
«Пошук дывэрсійна-выведных груповак, варожай агентуры, блёк-пасты і раптоўныя праверкі на дарогах — на Кіеўшчыне некалькі дзён праводзіліся контрадывэрсійныя захады», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
Контрадывэрсійныя захады з удзелам структураў Міністэрства ўнутраных справаў, Службы бясьпекі, Сілаў тэрытарыяльнай абароны адбыліся ў чатырох раёнах Кіеўскай вобласьці, у тым ліку на мяжы зь Беларусьсю — у Іванкаўскім раёне і ў Чарнобыльскай зоне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зноў абвясьцілі аб праверцы баявой гатоўнасьці арміі. Цяпер у адказ на манэўры NATO11 сакавіка Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб пачатку праверкі баявой гатоўнасьці злучэньняў і вайсковых частак Узброеных сілаў.
Начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі, намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў, што вучэньні праводзяцца ў адказ на вучэньні NATO паблізу межаў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ля мяжы зь Літвой тры тыдні будуць вучыцца фармаваць войскі тэрытарыяльнай абароныАляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам агрэсіі Расеі супраць Украіны былі ўведзеныя міжнародныя санкцыі для Беларусі.
Увесь час ад моманту расейскага ўварваньня ва Ўкраіну на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні.