Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся ў Менску 16 сакавіка 1964 году. Дызайнэр, фатограф, графік, паэт, публіцыст. Сябра Беларускага саюзу дызайнэраў і Беларускага ПЭН-клюбу. Навучаўся ў Менскай мастацкай вучэльні, працаваў у жанрах ужытковай графікі, ілюстрацыі, плякату, фатаграфіі. Удзельнічаў у калектыўных і пэрсанальных выставах за мяжой і ў Беларусі.
Ягоныя вершы сталі песьнямі N.R.M., «Новага Неба», Зьмітра Вайцюшкевіча, IQ48 і іншых, ён быў аўтарам канцэпцыі і многіх тэкстаў славутага «Народнага альбому» (прызнанага «Альбомам году» на «Рок-каранацыі – 1997»), перакладаў польскія рок-гіты для беларускіх сьпевакоў. «Народны альбом» на доўгія гады стаў адметнай падзеяй для айчыннай музыкі. Песьні з «Народнага альбому» выконвалі такія зоркі беларускай сцэны, як Лявон Вольскі, Кася Камоцкая, Аляксандар Памідораў і іншыя.
Анемпадыстаў заваяваў прэмію «Чалавек году – 2006» па вэрсіі інтэрнэт-парталу «Тузін гітоў». У 2013 годзе выдаў зборнік сваіх вершаў «Глыбока, глыбока, на дне філіжанкі кавы». Таксама Анемпадыстаў ствараў вокладкі для музычных альбомаў. Вёў на сайце кампаніі «Будзьма беларусамі!», для якой стварыў лягатып, калёнку «Простыя рэчы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міхал Анемпадыстаў — пра сям'ю, шлях да беларушчыны і ролю людзей культурыКніга «Колер Беларусі», якую ён напісаў, стала культавай. Гэта ўнікальны агляд фармаваньня колеравай сьвядомасьці беларусаў творчым вокам мастака. У кнізе як апісаньні колераў, іх бытаваньня ў мастацтве, рэлігіі, бытавым жыцьці народу, так і дзясяткі ўнікальных фотаілюстрацыяў, якія сьведчаць пра ўплеценасьць разгляданага колеру ў палітру навакольля.
Пісьменьнік Павал Касьцюкевіч казаў, што Міхал сканструяваў новую ДНК беларускай культуры, а мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі назваў Анемпадыстава «іконаю стылю».
Міхал Анемпадыстаў быў удзельнікам беларускага адраджэнцкага руху пачынаючы зь „Беларускай майстроўні“ пачатку 1980-х. Генэраваў і ўвасабляў вобразныя ідэі для беларускіх грамадзкіх і палітычных кампаніяў — „Барані сваё“, „Будзьма беларусамі“, „Выбірай!“. Як мастак і сьвядомы месьціч Анемпадыстаў бараніў ад разбурэньня вядомы раён свайго роднага Менску Асмалоўка. Абараніць раён удалося, і ён захаваўся па сёньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сапраўдны культурны герой Адраджэньня знайшоў сваю БеларусьПасьля раптоўнае сьмерці мастака зьявілася кніга ўспамінаў пра яго «Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў». Назву абралі нездарма — песьня «Простыя словы» з «Народнага альбому» стала сапраўдным гітом, яе й дагэтуль сьпяваюць у дарозе, пры вогнішчы, на сяброўскіх бяседах і іншаземцам, знаёмячы іх зь беларускай культурай. У кнізе сабраныя цікавыя і менш вядомыя факты пра Анемпадыстава, ягоныя вершы і песьні для «Народнага альбому» і гурту «Новае неба», раней не публікаваны сцэнар «Народнага альбому» для польскай тэлевізіі, унікальныя фатаздымкі і «магічная мапа» Анемпадыстава, а таксама ўспаміны пра яго больш як 60 чалавек.
Міхала Анемпадыстава ня стала ў студзені 2018 году. У 2019 годзе ў памяць пра паэта, мастака, фатографа, культуроляга, заснавалі прэмію ягонага імя. Ёю вырашылі адзначаць найлепшую вокладку беларускай кнігі. Ініцыятыва належыць Беларускаму ПЭН-цэнтру сумесна зь Беларускім саюзам дызайнэраў і «Лятучым унівэрсытэтам», а таксама польскім партнэрам ТАА «H&L» і фонду «Адкрытая культура».
Пасьля сьмерці Міхала Анемпадыстава беларусы талакой перавыдалі «Колер Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зрабіць Беларусь прыгожай. Апошняе інтэрвію Міхала Анемпадыстава