Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што падтрымлівае дэбаты аб накіраваньні заходніх войскаў ва Ўкраіну для навучаньня мясцовых вайскоўцаў, паведамляе LRT.
«Я вітаў ідэю накіраваньня місіяў на ўкраінскую тэрыторыю як ідэю, і я па-ранейшаму лічу, што мы павінны абмяркоўваць гэтую ідэю. Вядома, лепш за ўсё было б, каб мы ўсе аднадушна пагадзіліся зь неабходнасьцю гэтага і вельмі добра ацанілі зьвесткі выведак і іншую інфармацыю, якою мы валодаем», — сказаў Наўседа журналістам у Парыжы 13 сакавіка.
Ён таксама падкрэсьліў, што страх перад магчымай рэакцыяй Крамля ня можа быць вызначальным фактарам у эўрапейскім рашэньні.
«Калі мы пачнем казаць, што не, Уладзіміру Пуціну не спадабаецца тое ці тое, мы ніколі ня прымем рашэньня. І таму я ўчора сказаў і прэыдэнту [Макрону. — РС], і мэдыя, што мы павінны перастаць праводзіць для сябе чырвоныя лініі, — сказаў Наўседа. — Праводзячы чырвоныя лініі, мы толькі дапамагаем Пуціну, які пачынае думаць, што мы прадказальныя і што ён можа намі кіраваць і маніпуляваць».
У прамове на адкрыцьці Парыскага форуму ў пытаньнях абароны і стратэгіі Наўседа заявіў, што лічыць «фундамэнтальнай памылкай» думку, што пуцінскую Расею можна супакоіць саступкай тэрыторыяў.
«Не, шырэйшай вайны ў Эўропе ня ўнікнуць, калі сядзець ціха і ня ўмешвацца ў праліцьцё крыві, якое Расея чыніць ва Ўкраіне», — сказаў прэзыдэнт.
У канцы лютага прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў, што Захад не павінен выключаць накіраваньне войскаў ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон гатовы адправіць францускае войска ва Ўкраіну, калі расейцы дойдуць да Адэсы ці Кіева ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Францыя і Чэхія — новыя лідэры лабіраваньня інтарэсаў Украіны ў ЭЗ. Чым яны дапамаглі Кіеву і што плянуюць