Вярхоўны суд правінцыі Брытанская Калюмбія ў Канадзе дазволіў разгляд групавога пазову супраць мабільнай аплікацыі для жанчын Flo, паведамляе CBC News.
Згодна з пазовам, Flo Health зьбірала вельмі адчувальныя пэрсанальныя зьвесткі карыстальніц (уключаючы інфармацыю пра іх мэнструальны цыкль, цяжарнасьці і сэксуальнае жыцьцё), абяцаючы не выдаваць іх, пасьля чаго наўмысна перадавала гэтыя зьвесткі трэцім асобам.
Пакуль што ніводная з прэтэнзіяў, выкладзеных у пазове, не была даказаная ў судзе.
Прадстаўнікі Flo ў камэнтары CBC News заявілі, што кампанія «ніколі не прадавала і не перадавала карыстальніцкую інфармацыю трэцім бакам для рэклямных мэтаў», і Flo мае намер рашуча адстойваць сваю пазыцыю ў судзе.
Калі рашэньне суду будзе не на карысьць кампаніі, прэтэндаваць на кампэнсацыю змогуць больш за мільён жыхарак Канады, якія карысталіся дадаткам Flo ў пэрыяд паміж 1 чэрвеня 2016 і 23 лютага 2019 году.
Паводле dev.by, раней аналягічныя абвінавачаньні былі прад’яўленыя Flo ў ЗША. Яны былі ўрэгуляваныя ў 2021 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Створаная беларусамі аплікацыя Flo трапіла ў сьпіс найлепшых вынаходак году часопісу TIMEFlo Health — кампанія зь беларускімі каранямі, якая выпускае папулярную мабільную праграму ў сэгмэнце жаночага здароўя. Штаб-кватэра месьціцца ў Лёндане, мае прадстаўніцтвы ў Нідэрляндах і ЗША. Менскі офіс распрацоўкі цяпер закрыты, віленскі адкрыўся ў канцы 2020 году. Праграма Flo апошнія некалькі гадоў — самая папулярная ў App Store у катэгорыі Health&Fitness.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Распрацоўнік праграмы для жаночага здароўя Flo канчаткова пакідае Беларусь