У судзе Кастрычніцкага раёну Менску 19 сакавіка адбудзецца суд над музыкамі гурту Nizkiz. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту 2020 году паводле арт. 342 КК. Справу будзе разглядаць судзьдзя Алена Жывіца, паведамляюць праваабронцы.
Вакаліста і аўтара песень Аляксандра Ільіна, бас-гітарыста Сяргея Кульшу і бубнача Дзьмітрыя Халяўкіна затрымалі 5 студзеня.
Спачатку палітвязьняў асудзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў, а пазьней перавялі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы.
Сям’ю ў Горадні асудзілі за плякат нібыта з абразай Лукашэнкі
Суд Ленінскага раёну Горадні 26 лютага вынес прысуд мужу і жонцы Сяргею і Тацьцяне Чыжам, якіх абвінавацілі ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку паводле ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэксу. Справу разглядала судзьдзя Натальля Козел.
Іх затрымалі ў лістападзе 2023 году. Да суду Сяргей знаходзіўся пад вартай, а Тацьцяна пад падпіскай, бо ў сям’і двое непаўналетніх дзяцей.
Іх апазналі на фатаздымках з інтэрнэту.
Суд прызначыў Сяргею Чыжу 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»), а Тацьцяне – 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўніка Верхнядзьвінскага райвыканкаму затрымалі нібыта за ўдзел у праграме «Кадравай рэзэрвы» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 5 сакавіка: у Менску затрымалі студэнта і ягоную маці, у Магілёве — бухгальтарку; зноў судзілі Аляксея Раманава