«Укладаюць чужыя каштоўнасьці ў неакрэплыя розумы». Мінінфарму даручылі заняцца блогерамі

Ілюстрацыйнае фота, Shutterstock

Намесьнік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка даручыў Міністэрству інфармацыі Беларусі зьвярнуць увагу на дзейнасьць блогераў і караць іх за парушэньні заканадаўства. Пра гэта ён заявіў 12 сакавіка падчас пасяджэньня калегіі Мінінфарму.

Петрышэнка заявіў пра неабходнасьць «актыўна абараняць беларускую інфармацыйную прастору» ва ўмовах, калі «сучасныя тэхналёгіі і падыходы ў разьвіцьці мэдыясфэры фармуюць і новыя пагрозы для нацыянальнай бясьпекі», яго цытуе БелТА.

Паводле чыноўніка, трэба працягваць «маніторынг інфармацыйнага поля краіны» і хутка рэагаваць на «фэйкавую і дэструктыўную інфармацыю, накіраваную на дэстабілізацыю грамадзтва».

Пры гэтым асаблівую ўвагу Петрышэнка зьвярнуў на блогераў, якія, паводле яго, цяпер «усё часьцей становяцца лідэрамі меркаваньняў», асабліва для падлеткавай і дзіцячай аўдыторыі.

«Часьцяком чужыя каштоўнасьці і прыярытэты ўкладаюцца блогерамі ў неакрэплыя розумы. І гэты факт ня можа не насьцярожваць. У той жа час на блогераў, як і на ўсіх уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў, ускладзеныя абавязкі па выкананьні нацыянальнага заканадаўства», — заявіў Петрышэнка і дадаў, што Мінінфарм у выпадку выяўленьня парушэньняў заканадаўства аб СМІ павінен «неадкладна прымаць адпаведныя меры рэагаваньня, і блогеры тут не выключэньне».

Раней узяць на кантроль беларускіх блогераў паабяцала і Міністэрства па падатках і зборах Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падаткоўцы паабяцалі ўзяць на кантроль беларускіх блогераў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 113 гадоў турмы на 12 чалавек. Як рэжым Лукашэнкі адпомсьціў блогерам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хэйт-камэнты ў мой бок гучаць гэтак жа, як на Акрэсьціна ад сілавікоў». Размова з блогерамі Лізай Ветравай і Мікітам Бялевічам