Суд Эўразьвязу ў Люксэмбургу адхіліў пазовы «Беларускага мэталюргічнага заводу» і ААТ «Мастоўдрэў» з патрабаваньнем зьняць накладзеныя на прадпрыемствы санкцыі, вынікае з рашэньняў па справах T-258/22 і T‑259/22, апублікаваных на афіцыйным сайце суду.
Пазовы БМЗ і «Мастоўдрэва» адхілілі ў поўным аб'ёме. Беларускія заводы абавязалі кампэнсаваць Радзе ЭЗ усе судовыя выдаткі.
Санкцыі, уведзеныя Эўразьвязам 2 сакавіка 2022 году ў адказ на ўдзел Беларусі ў ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны, уключалі, сярод іншага, абмежаваньні на імпарт у ЭЗ лесаматэрыялаў і прадукцыі чорнай мэталюргіі, якія паходзяць зь Беларусі, іх транспартаваньне, а таксама аказаньне паслуг у гэтай сфэры.
БМЗ і «Мастоўдрэў» падалі пазовы супраць Рады ЭЗ. Адвакаты БМЗ сьцьвярджалі, што санкцыі не былі адэкватна абгрунтаваныя, бо Рада ЭЗ нібыта не патлумачыла неабходнасьць абмежаваньняў менавіта на дадзеную прадукцыю, а таксама як заводы адпавядаюць крытэрам для санкцыйнага сьпісу і як санкцыі дапамагаюць дасягненьню пастаўленых мэтаў.
Суд, вывучыўшы матэрыялы, прыйшоў да высновы, што ўсе неабходныя тлумачэньні зьмяшчаліся ў адпаведных рашэньнях ЭЗ, а абмежаваньні былі абгрунтаваныя і адпавядалі мэце фінансавага ціску на Беларусь, каб прымусіць яе адмовіцца ад удзелу ў вайне і прытрымлівацца міжнародных нормаў і абавязаньняў.
Раней аспрэчыць санкцыі ЭЗ у судзе спрабавалі «Гродна Азот», «Хімвалакно», МАЗ, БЕЛАЗ, «Дана Астра», Тэрмінал сыпкіх грузаў у Клайпедзе (часткова належыць «Беларуськалію») і інш. Усе гэтыя выпадкі скончыліся безвынікова, санкцыі засталіся ў сіле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскі суд пакінуў у сіле санкцыі супраць «Гродна Азота» і «Хімвалакна» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскі суд адмовіўся здымаць санкцыі з «МАЗу» і «БелАЗу»