Пра сваё звальненьне дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы паведаміла ў Фэйсбуку 12 сакавіка.
«Мяне толькі што звольнілі пасьля 17 гадоў працы на „Белсаце“ і пасьля 32 гадоў працы ў TVP (грамадзкай польскай тэлевізіі. — РС)», — напісала яна.
Агнешка Рамашэўская-Гузы дадала, што спачатку ёй прапанавалі звольніцца зь «Белсату» і з TVP па ўласным жаданьні і з «залатым парашутам» (г.зн. на надзвычай выгадных умовах), але яна на гэта не пагадзілася.
Як паведамляе «Белсат», заўвагаў да працы дырэктаркі не было, а рашэньне звольніць яе было абгрунтаванае новымі выклікамі ў сувязі са скарачэньнем бюджэту тэлеканалу ў 2024 годзе (з заплянаваных сёлета 75 млн злотых да 40 млн злотых).
Хто стане новым дырэктарам тэлеканалу, не паведамляецца.
«Яшчэ мне сказалі, што бюджэт тэлеканалу скарачаюць на 47% і гэта рашэньне Міністэрства замежных спраў. Станцыю плянуюць падзяліць, таму рускамоўныя праграмы, верагодна, перавядуць на TVP World.
На маю думку, гэта вялікая памылка і прынцыповае парушэньне канцэпцыі, якая стваралася гадамі. „Белсат“ меў сэнс і служыў Польшчы як станцыя, скіраваная на ўсход, у цяперашняй складанай і нават небясьпечнай міжнароднай сытуацыі», — адзначыла Агнешка Рамашэўская-Гузы.
Паводле яе, скарачэньне бюджэту «Белсату» амаль на 47% можа прывесьці да звальненьня большай часткі журналістаў і працаўнікоў тэлеканалу, што, у сваю чаргу, адабʼецца на скарачэньні этэрнай сеткі і колькасьці праграмаў. Усё гэта ставіць пад пытаньне лёс тэлеканалу і яго далейшае існаваньне.
Намесьнік дырэктара тэлеканалу Аляксей Дзікавіцкі таксама выказаў занепакоенасьць будучыняй «Белсату».
«Спадарыня Агнешка Рамашэўская-Гузы шмат гадоў пасьпяхова кіруе камандай, якая мае бясспрэчныя заслугі ва ўмацаваньні нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў і ў барацьбе з прапагандай», — адзначыў Аляксей Дзікавіцкі.
Падобнага меркаваньня прытрымліваецца і намесьніца дырэктаркі Бэата Красіцкая:
«„Белсат“ стаў незвычайным мэдыя інстытутам зь вялікімі магчымасьцямі і аўдыторыяй. Цяпер, падчас вайны ва Ўкраіне і рэпрэсіяў у Беларусі, праца праекту яшчэ больш неабходная. І вельмі цяжка будзе працягваць працу пры скарочаным удвая бюджэце і без чалавека, які стварыў і пасьпяхова кіраваў тэлеканалам усе гэтыя гады», — сказала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Белсату“ давядзецца зьліквідаваць шмат перадачаў», — Агнешка Рамашэўская-Гузы пра скарачэньне фінансаваньня тэлеканалу- «Белсат» — пераважна беларускамоўны спадарожнікавы тэлеканал, структурнае падразьдзяленьне Грамадзкага польскага тэлебачаньня — TVP. На час стварэньня быў адзіным беларускамоўным тэлеканалам у сьвеце.
- Пасьля прыходу да ўлады ў канцы 2023 году новы ўрад Польшчы пачаў працэдуру ліквідацыі дзяржаўных СМІ. Такое рашэньне павінна было даць дзяржаўным СМІ магчымасьць функцыянаваць далей, бо ў рэжыме ліквідацыі нельга звальняць супрацоўнікаў у сувязі з адсутнасьцю фінансаваньня. Таксама гэта давала магчымасьць правесьці рэструктурызацыю гэтых СМІ.
- 9 лютага каманда «Белсату» ў адкрытым лісьце да міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага заклікала захаваць тэлеканал у цяперашнім выглядзе. Пад тэкстам падпісаліся 170 журналістаў і супрацоўнікаў «Белсату».
- На пачатку сакавіка стала вядома, што новы ўрад Польшчы істотна скарачае бюджэт тэлеканалу «Белсат». Дырэктарка каналу Агнешка Рамашэўская-Гузы ў інтэрвію Свабодзе назвала гэта «фактычнай ліквідацыяй» Белсату.