У ЦВК Беларусі паведамілі аб пачатку вылучэньня кандыдатаў у Савет рэспублікі і Ўсебеларускі народны сход

Пасяджэньне Савету рэспублікі. Ілюстрацыйнае фота

25 лютага ў Беларусі правялі адзіны дзень галасаваньня за кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы.

У Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі паведамілі аб пачатку з 12 сакавіка вылучэньня кандыдатаў у чальцы Савету рэспублікі.

«Вылучэньне ў чальцы Савета рэспублікі завершыцца 21 сакавіка, пасьля чаго рашэньні аб вылучэньні перададуць у ЦВК Беларусі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Кандыдатаў вылучаюць на пасяджэньнях дэпутатаў мясцовых саветаў базавага ўзроўню 6 абласьцей і Менскага гарадзкога савету.

Пасьля праверкі адпаведнасьці парадку вылучэньня кандыдатаў ЦВК складзе сваю выснову і ўхваліць рашэньне аб рэгістрацыі або матываванай адмове ў рэгістрацыі.

Савет рэспублікі — гэта палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва, якую фармуюць 64 прадстаўнікі: па восем ад кожнай вобласьці і Менску плюс яшчэ восем прызначае сваім указам Аляксандар Лукашэнка.

ЦВК таксама абвясьціў пра пачатак вылучэньня кандыдатаў у дэлегаты Ўсебеларускага народнага сходу (УНС).

Што тычыцца УНС, то 290 дэлегатаў гэтага органа будзе вылучана мясцовымі саветамі дэпутатаў рознага ўзроўню, яшчэ 400 – тэрытарыяльнымі структурамі «суб'ектаў грамадзянскай супольнасьці». Пры гэтым адна і тая ж асоба ня можа быць кандыдатам у дэлегаты УНС ад «грамадзянскай супольнасьці» і ад мясцовых саветаў дэпутатаў.

Цэнтрвыбаркам нагадаў, што ў патэнцыйных кандыдатаў у чальцоў СР НС і дэлегатаў УНС не павінна быць «грамадзянства іншай дзяржавы і дакумэнтаў замежных дзяржаў, якія даюць права на льготы.

Патэнцыйны кандыдат у члены СР НС не можа быць маладзейшы за 30 гадоў, павінен пражываць на тэрыторыі адпаведнай вобласьці або Менска не менш як 5 гадоў, таксама не павінен быць судзімым. Кандыдат у дэлегаты УНС павінен мець беларускае грамадзянства, валодаць выбарчым правам, пастаянна пражываць на тэрыторыі краіны, не мець непагашанай судзімасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аб’яднаны пераходны кабінэт: «Сьпісы дэпутатаў былі ўзгодненыя загадзя адміністрацыяй Лукашэнкі»