З 2022 году, калі пачалося поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, сама Ўкраіна і эўрапейскія дзяржавы пачалі ўводзіць абмежаваньні для грамадзян Расеі, а таксама Беларусі, улады якой падтрымалі агрэсію і дазволілі скарыстаць беларускую тэрыторыю і вайсковую інфраструктуру для расейскага нападу на Ўкраіну.
Сярод абмежаваньняў і забаронаў — немагчымасьць атрымаць дазвол на часовае ці сталае жыхарства, адкрыць банкаўскі рахунак у іншаземных банках, набыць нерухомасьць, атрымаць візу, для спартоўцаў — выступаць у міжнародных спаборніцтвах, забарона на бізнэс-кантакты з кампаніямі, заснавальнікі якіх — грамадзяне Расеі ці Беларусі.
Каб абысьці забароны, некаторыя расейцы і беларусы пачалі шукаць магчымасьці «натуралізавацца» ў іншых краінах. У адказ на рост попыту на новае грамадзянства пачалі зьяўляцца юрыдычныя кампаніі й агенты, якія дапамагаюць заяўнікам сабраць неабходныя дакумэнты і суправаджаюць іх камунікацыю зь дзяржаўнымі органамі адпаведных краін. Але часам гэта патрабуе вялікіх фінансавых рэсурсаў.
Свабода паспрабавала высьветліць, ці масава беларусы атрымліваюць новае грамадзянства і ці можа гэта вырашыць праблему тых, хто апынуўся за мяжой Беларусі, але праз забарону Лукашэнкі ня мае магчымасьці абмяняць свой пашпарт у консульскіх установах сваёй краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У адных — без праблем, у іншых — «зруйнаванае жыцьцё». Як жывуць беларусы, якія засталіся бязь дзейных пашпартоўГрамадзянства Малдовы — толькі пасьля сталага жыхарства ў краіне
Агенцтва дзяржаўных паслуг Малдовы паведаміла Свабодзе, што ў 2022 і 2023 гадах было 263 звароты ад грамадзян Беларусі па атрыманьне грамадзянства Малдовы.
«Зь іх 200 чалавек атрымалі грамадзянства Рэспублікі Малдова і, адпаведна, пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Малдова. Адмовілі шасьці грамадзянам Беларусі з прычыны выяўленьня неадпаведнасьцяў у дакумэнтах цывільнага стану і ў дакумэнтах, што сьведчаць асобу. Астатнія заявы разглядаюцца ў 2024 годзе», — паведамілі Свабодзе ў адказ на запыт.
У Агенцтве дзяржаўных паслуг Малдовы не адказалі на пытаньне аб прафэсійнай прыналежнасьці грамадзян Беларусі, якія зьвярнуліся па малдоўскае грамадзянства: сьцьвярджаюць, што не вядуць уліку працоўнай дзейнасьці заяўнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малдова падпісала абароннае пагадненьне з Францыяй на фоне асьцярогаў наконт дэстабілізацыі з боку РасеіАдначасова адзначылі, што згодна з законам аб доступе да інфармацыі, якая становіць грамадзкі інтарэс, перадача пэрсанальных зьвестак адбываецца толькі са згоды грамадзян і абмяжоўваецца ў выпадках, калі раскрыцьцё такіх зьвестак можа нанесьці шкоду.
Як паведамілі Свабодзе прадстаўнікі юрыдычнай кампаніі, якая дапамагае заяўнікам на грамадзянства, пашпарт Малдовы немагчыма атрымаць, калі перад гэтым чалавек ня меў ніякага дазволу на жыхарства або ня жыў стала на малдоўскай тэрыторыі.
Зь Беларусі ў Кіргізстан пераяжджаюць цэлымі сем’ямі, але ня масава
Кіргіскі юрыст, які дапамагае шукальнікам грамадзянства Кіргізстану, паведаміў Свабодзе, што з 2022 году найчасьцей па кіргіскае грамадзянства зьвяртаюцца грамадзяне Расеі.
«Беларусы таксама ёсьць, але ў параўнаньні з колькасьцю расейцаў зьява ня мае масавага характару. Я дапамагаў некалькім грамадзянам Беларусі, сярод якіх была цэлая сям’я зь дзецьмі — яны зьяжджаюць зь Менску жыць у Бішкек», — сказаў суразмоўнік Свабоды.
Паводле яго, перад падачай адпаведнай заявы не абавязкова жыць на тэрыторыі Кіргізстану. З 2000 году ў краіне існуе працэдура спрошчанага атрыманьня грамадзянства для грамадзян Беларусі, Казахстану і Расеі — ім дастаткова даказаць, што на 1991 год яны жылі на тэрыторыі адпаведных савецкіх рэспублік або знаходзіліся ў шлюбе з грамадзянамі, якія жылі на гэтых тэрыторыях і адначасова былі грамадзянамі Савецкага Саюзу.
Гэта прадугледжана чатырохбаковай дамовай паміж Беларусьсю, Казахстанам, Кіргізстанам і Расеяй аб спрошчаным парадку набыцьця грамадзянства, падпісанай 31 ліпеня 2000 году. Прыём у грамадзянства пасьля падачы поўнага пакету дакумэнтаў зацьвярджае сваім указам прэзыдэнт Садыр Джапараў.
Кіраўнік Кіргізстану, напрыклад, толькі 4 сакавіка 2024 году падпісаў адразу 7 указаў аб прыёме ў грамадзянства грамадзян Расеі, Беларусі і Казахстану. Дакладная колькасьць кожнай нацыянальнай групы невядомая, хоць яшчэ цягам 2022 году на афіцыйным сайце Садыра Джапарава публікавалі ня толькі колькасьць усіх, хто атрымаў пашпарт Кіргізстану, а і іхныя прозьвішчы. У адным такім указе магло быць нават да 2700 прозьвішчаў. У месяц прэзыдэнт Кіргізстану падпісваў па некалькі пакетаў такіх дакумэнтаў.
«Большую частку зь ліку прынятых у грамадзянства Кіргіскай Рэспублікі складаюць этнічныя кіргізы, якія вярнуліся на гістарычную радзіму», — адзначаецца ў адным з такіх указаў.
Міністэрства працы, сацыяльнага забесьпячэньня і міграцыі Кіргізстану не адказала на афіцыйны запыт Свабоды пра колькасьць грамадзян Беларусі, якія зьвярнуліся па грамадзянства Кіргізстану і атрымалі яго пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне.
Усе колькасныя і пэрсанальныя зьвесткі, імаверна, засакрэцілі пасьля таго, як сярод новых уласьнікаў пашпартоў Кіргізстану журналісты знайшлі палітыкаў і бізнэсоўцаў, а таксама іхных дзяцей, — напрыклад, Натальлю Баршчэўскую (дачку вядомага юрыста Міхаіла Баршчэўскага, які з 2001 году ёсьць прадстаўніком ураду Расеі ў Канстытуцыйным, Вярхоўным і Найвышэйшым арбітражным судах Расеі), колішняга губэрнатара Цьверскай вобласьці Расеі Дзьмітрыя Зяленіна, сузаснавальніка крыптабіржы Bitzlato Антона Шкурэнку і яшчэ шэраг вядомых у Расеі бізнэсоўцаў.
«У чарзе ў міграцыі пераважна грамадзяне славянскага аблічча»
Усевалад Якубаў (імя і прозьвішча зьмянілі ў мэтах бясьпекі. — РС), адзін з расейскіх грамадзян, які нядаўна атрымаў грамадзянства Кіргізстану, расказаў Свабодзе пра свой досьвед атрыманьня новага пашпарта.
«Дзейны парадак натуралізацыі ў гэтай краіне выглядае асабліва прывабным — ён дастаткова хуткі і не прымушае шукаць магчымасьці „абысьці закон“ ці рабіць нейкія фіктыўныя дакумэнты пра сваякоў, якія некалі жылі на тэрыторыі Кіргізстану. Таму, імаверна, па грамадзянства Кіргізстану найчасьцей зьвяртаюцца бізнэсоўцы, якія да вайны супрацоўнічалі з краінамі Эўразьвязу, каб захаваць магчымасьць весьці свой бізнэс і не рызыкаваць, што выдачу пашпарта ў нейкі момант прызнаюць незаконнай. І, вядома ж, галоўнае — каб пазьбегнуць санкцый, якія ўсё ўводзяць і ўводзяць супраць расейскіх грамадзян», — сказаў суразмоўца Свабоды.
Усевалад зьвяртаўся па дапамогу да мясцовых юрыстаў, каб тыя спраўдзілі якасьць сабраных дакумэнтаў. «У такім выпадку дастаткова прыехаць у Кіргізстан двойчы: першы раз — падаць заяву, другі — атрымаць пашпарт. У міграцыйных органах цяпер усё даўжэйшыя чэргі, а ў іх пераважна, як кажуць, людзі славянскага аблічча», — дадаў ён.
Па грамадзянства Кіргізстану зьвяртаюцца ня толькі расейцы ці беларусы. Сярод заяўнікаў ёсьць грамадзяне Кітаю, Таджыкістану, Узбэкістану, Украіны. У яшчэ адкрытых тэкстах указаў мінулых гадоў можна знайсьці і грамадзян ЗША.
Папулярнасьць кіргіскай натуралізацыі істотна адбілася і на кошце паслуг юрыстаў. Калі ў 2022 годзе можна было ўкласьціся ў 10 тысяч даляраў, то цяпер у некаторых юрыдычных фірмах дапамогу ацэньваюць у 30 тысяч эўра.
Паводле афіцыйных зьвестак, колькасьць насельніцтва ў Кіргізстане ў 2023 годзе павялічылася амаль на паўмільёна чалавек у параўнаньні з 2021-м — да 7 037 590 грамадзян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіргізстане на ўзор Расеі плянуюць увесьці кантроль за СМІ, якія фінансуюцца з-за мяжыЯшчэ адзін папулярны кірунак — Армэнія
Свабода паразмаўляла зь міграцыйным юрыстам кампаніі, якая дапамагае атрымаць грамадзянства ў шэрагу постсавецкіх і эўрапейскіх краін, дзе ведаць дзяржаўную мову не абавязкова. Галоўная ўмова для пачатку працэдуры — дзейны (ня менш як на год наперад) пашпарт краіны цяперашняга грамадзянства.
«Да нас шмат грамадзян Беларусі, Расеі і Ўкраіны зьвяртаюцца па дапамогу ў атрыманьні іншага грамадзянства», — сказаў ён.
Паводле яго, калі грамадзянства Кіргізстану можна атрымаць прыблізна праз два месяцы, то Армэніі — ад 4 да 6 месяцаў, эўрапейскіх краін (Румыніі ці Баўгарыі) — ад 12 да 18 месяцаў.
«Усё робіцца ў межах закону, мы працуем выключна зь дзяржаўнымі структурамі тых краін, на грамадзянства якіх прэтэндуе наш кліент», — запэўніў прадстаўнік юрыдычнай кампаніі.
Кошт паслуг у юрыдычных кампаніях розны — ад 6 тысяч эўра, калі ідзецца пра грамадзянства Армэніі, да 30 тысяч эўра — Кіргізстану, ад 8 да 10 тысяч эўра — Румыніі ці Баўгарыі.
«У Армэніі працэдура называецца рэпатрыяцыя, то бок мы даказваем дакумэнтальна, што нехта з вашых сваякоў належаў да армянскага народу. Мы займаемся пошукамі ў архіве. У ім, праўда, дакумэнты за некаторыя пэрыяды былі страчаныя ў часе Другой усясьветнай вайны. Мы тады можам скарыстацца законам аб аднаўленьні і дапаўненьні архіўнага фонду і дадаць інфармацыю, якая непасрэдна патрэбная для падачы (дакумэнтаў). Мы юрыдычна і дакумэнтальна будзем гэта даводзіць», — патлумачыў суразмоўца.
Юрыст дадаў, што ўжо мае добрыя вынікі ў «справах амаль 50 беларусаў», якіх суправаджаў у падрыхтоўцы дакумэнтаў на грамадзянства Армэніі.
У той жа час выдача пашпартоў і атрыманьне армянскага грамадзянства не набылі такога вялікага маштабу, як у Кіргізстане.
Паводле афіцыйнай статыстыкі Службы міграцыі і грамадзянства Міністэрства ўнутраных справаў Армэніі, у 2023 годзе па атрыманьне грамадзянства зьвярнуліся 9268 іншаземцаў. У 2022 годзе заяўнікаў было крыху больш — 9917. Хоць на пачатку 2023 году паведамлялі, што цягам 2022-га з заявамі аб прыёме ў грамадзянства Армэніі зьвярнуліся 25 515 чалавек. Ранейшую нацыянальную прыналежнасьць новых грамадзян Армэніі не раскрываюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ерэване заявілі аб намеры паглыбляць дачыненьні з Эўразьвязам настолькі, наколькі да гэтага гатовы Брусэль