«Француз, нарадзіўся ў Расеі (цяпер Беларусь)»
Сёлета ў лютым прадстаўнік беларускай дыяспары ў ЗША Дзяніс Баранаў завітаў на выставу ў Нацыянальную галерэю мастацтва ў Вашынгтоне. Ён заўважыў, што пад творам Хаіма Суціна «Партрэт хлопчыка» мастака акрэсьлілі як «Russian» («расеец»).
Хаім Суцін нарадзіўся ў Сьмілавічах, на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у 1893 годзе. Тады гэта была тэрыторыя Расейскай імпэрыі. У 20 гадоў ён пераехаў у Парыж, большасьць твораў напісаў у Францыі.
Дзяніс Баранаў пакінуў заўвагу пра гэта ў музэі. Праз тыдзень зь ім зьвязалася супрацоўніца музэю і запэўніла, што прасочыць, каб подпіс у каталёгу выправілі. Ужо празь месяц надпіс пад творам Суціна замянілі на «French, born Russia (now Belarus)» («Француз, нарадзіўся ў Расеі (цяпер Беларусь)»).
«Гэта быў мяккі ціск на іх»
Арт- і мэдыяпрадусар, культурніцкі дыплямат Алесь Чахоўскі расказаў Свабодзе, як праходзіць кампанія за тое, каб творцаў беларускага паходжаньня падпісвалі ў сьвеце правільна.
Ён кажа, што ня ўсё ўдаецца зь першага разу. Гісторыя з Суціным у вашынгтонскім музэі пачалася ў ліпені 2022 году. Тады Чахоўскі быў у ЗША і вырашыў наведаць музэй, дзе, як ён чуў, былі творы беларускіх мастакоў. Шагала на экспазыцыі не выстаўлялі, але быў Суцін, падпісаны як «Russian».
Ён пагаварыў з пэрсаналам. Яму сказалі, што перамовы трэба весьці з куратарам выставы, што наведнік можа пакінуць заўвагу, а яны перададуць. Чахоўскі напісаў зварот.
«Гэты гістарычна-культуралягічны дыскурс складаны. Бо Суцін быў габрэем, ён ня ўсё жыцьцё пражыў у Беларусі, асноўныя свае шэдэўры пісаў на тэрыторыі Францыі. Але, вядома, культурна-генэтычны код меў уплыў. Ніхто зь пенай ля роту не даказваў: „Давайце закрэсьлім „Russian“ і напішам „Belarusian““. Ішла гаворка, каб напісаць, што ён быў габрэй з тэрыторыі сучаснай Беларусі. Гэта быў мяккі ціск на іх», — кажа экспэрт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адна дачка ў войску, другая малюе карціны. Гісторыя беларускай сьпявачкі, якая пераехала ў ІзраільНаступным разам Чахоўскі наведаў Нацыянальную галерэю мастацтва ў Вашынгтоне ў красавіку 2023 году. Подпіс пад творам Суціна не зьмяніўся. Зноў напісаў зварот. Гэтым разам на яго адказалі.
«Напісалі, што мы ўсё разумеем, але спаслаліся на Нацыянальны архіў. Сказалі, што ёсьць пэўная каталягізацыя. „Дзякуй, што вы зьвярнуліся. Мы падумаем, што мы можам зрабіць, але праблема каранямі ідзе вось туды“», — успамінае Алесь.
Зьмяніць сытуацыю дапамог ужо трэці зварот, які пакінуў Дзяніс Баранаў сёлета ў лютым.
«Я яму казаў, што трэба, як казала Маша Калесьнікава, „дзяўбці, дзяўбці, дзяўбці“. Вынік мы нарэшце бачым», — падсумоўвае Алесь Чахоўскі.
«З Бакстам усё супэрнеадназначна»
Пасьля першага марнага звароту ў вашынгтонскі музэй у 2022 годзе Беларуская рада культуры вырашыла запусьціць грамадзкую кампанію #art_born_Belarus, каб вяртаць ува ўсім сьвеце творцам беларускага паходжаньня адпаведныя азначэньні. Чахоўскі зазначае, што ў кампаніі прапанавалі ўзяць удзел усім людзям добрай волі.
«Ня так, каб Рада культуры цягнула гэта ў адзіноце. Рада культуры гатовая была далучыцца ў сэнсе экспэртызы, залучэньня экспэртаў, абгрунтавальных лістоў», — расказвае ён.
Склалі сьпіс 47 беларускіх мастакоў, чые творы распаўсюджаныя ў сьвеце. Сярод іх Марк Шагал, Хаім Суцін, Надзея Хадасевіч-Лежэ, Фэрдынанд Рушчыц, Ян Хруцкі, Абрам Багданаў.
Лявон Бакст, які нарадзіўся ў Горадні, у сьпіс не ўвайшоў.
«З Бакстам усё супэрнеадназначна, таму мы вырашылі, што ня будзем яго так актыўна прасоўваць. Ён зьехаў з тэрыторыі Беларусі ў два гады», — тлумачыць арт-мэнэджар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад музэю маляванкі да сям’і для сабакі палітзьняволенай. Успамінаем добрыя навіны 2023 году«White Russia» і «Russian Empire»
Працу вялі і на іншых пляцоўках, але пакуль безь відавочнага выніку. У канцы 2022 году Чахоўскі наведаў Музэй сучаснага мастацтва MoMA ў Нью-Ёрку. Марка Шагала там падпісалі як «French» (ён вучыўся і пісаў у Францыі, атрымаў францускае грамадзянства), а ў дужках быў допіс: «Born Belarus». Аднак пад творамі Суціна ўзгадкі пра Беларусь зноў не было. Тады Чахоўскі з паплечнікамі быў у музэі з адукацыйным візытам. Яны пагаварылі з супрацоўнікамі, патлумачылі пазыцыю, абмяняліся кантактамі, але зьменаў зноў не адбылося.
У прадстаўнікоў Беларускай рады культуры таксама была сустрэча ў Smithsonian Institution у Вашынгтоне. Гэта буйная арганізацыя, у якую ўваходзяць музэі, галерэі, навучальныя цэнтры, заапарк. Ім Чахоўскі таксама пакінуў падобныя звароты. Яны адзначылі, што працаў Шагала і Суціна ў іх няма. Аднак у садзе скульптураў у Вашынгтоне, які адносіцца да гэтага комплексу, стаіць мазаіка Шагала, падпісаная «Russian».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дарагі аксэсуар і гістарычны сымбаль» — слуцкія паясы ў варшаўскім Нацыянальным музэі. ФОТАЯшчэ адзін запіс арт-мэнэджар пакінуў у Metropolitan Museum of Art у Нью-Ёрку. Ці былі зьмены ў подпісах пад творамі беларускіх мастакоў, ён ня ведае.
«Яны дасылалі адказ: „Дзякуй, мы над гэтым будзем працаваць“», — кажа суразмоўца.
Яшчэ адзін прыклад — выстава з творамі Марка Шагала, якая адкрылася сёлета ў Мадрыдзе. Пра гэта напісаў беларускі экскурсавод і лектар Мікіта Моніч. Ён адзначыў, што ўва ўсіх публікацыях пра выставу ў мэдыя Шагала акрэсьлілі як «беларускага мастака габрэйскага паходжаньня». Аднак на самой выставе фігуруюць выразы «Расейская імпэрыя» і «рускі», а ў ангельскай вэрсіі анонса выставы — «White Russia». Ён заўважыў, што адна з куратараў выставы — унучка Шагала Мэрэт Мэер.
«Праблема ў тым, што нашчадкі Шагала ведаюць, дзе нарадзіўся Шагал і дзе быў Віцебск, але гэта для іх „нешта незразумелае“. Таму яны апэлююць, адсылаюць да ягоных францускіх каранёў», — камэнтуе азначэньні Марка Шагала Алесь Чахоўскі.
Ён дадае, што цяпер актывісты абмяркоўваюць новую хвалю гэтай кампаніі.
«Вельмі шмат залежыць, як мы народ у гэта ўцягнем, бо трэба біць з усіх бакоў. Бо гэта ня проста кампанія Беларускай рады культуры, гэта грамадзкая ініцыятыва», — перакананы ён.
Беларуская рада культуры падрыхтавала ўзор звароту для тых, хто хоча далучыцца да кампаніі.