Як адзначае прэс-служба АПК, на знак салідарнасьці з палітвязьнямі Гарбунова выступала з жоўтай біркай — такія ў беларускіх калёніях прымушаюць насіць асуджаных з палітычных матываў.
Прадстаўніца кабінэту зьвярнула ўвагу прысутных на парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, дыскрымінацыю жанчын, жахлівыя ўмовы ўтрыманьня палітвязьняў.
Таксама яна падзякавала Дзяржаўнаму дэпартамэнту за прысуджэньне Міжнароднай прэміі за адвагу (IWOC), якую Гарбунова атрымала 4 сакавіка з рук Блінкена і першай лэдзі ЗША Джыл Байдэн.
«Два гады таму ў гэты дзень я была ў сьледчым ізалятары, мяне затрымалі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту і пасадзілі ў камэру на шэсьць месяцаў проста таму, што я не маўчала. Там былі гвалт, пагрозы пазбавіць бацькоўскіх правоў, катаваньні холадам, адсутнасьць мэдычнай дапамогі. Да мяне не прапусьцілі ніводнага ліста ад дачкі, хоць яна пісала кожны дзень», — сказала Гарбунова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вольга Гарбунова абмеркавала сытуацыю з палітзьняволенымі ў Беларусі ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗШАЯна сказала, што ў беларускіх турмах палітвязьняў пазначаюць жоўтай біркай, і нагадала, што «мінімум пяцёра палітзьняволеных ужо загінулі ў няволі, а шасьцёра зьніклі». «Мы ня ведаем, дзе гэтыя людзі, яны ня маюць сувязі з вонкавым сьветам», — дадала яна.
Паводле яе словаў, несправядлівы суд раней прыгаварыў яе да 3 гадоў абмежаваньня волі. «Ратуючыся ад паўторнага крымінальнага перасьледу, я была вымушаная пакінуць свой дом. Я была ў роспачы. Мне было балюча разьвітвацца зь сям’ёй. Я была вымушаная аднойчы ноччу пералезьці праз высокі плот беларуска-літоўскай дзяржаўнай мяжы і папрасіць прытулку. Я вельмі раззлавалася — і не здалася. І я не здаюся. Кожны дзень я працую над тым, каб дапамагаць палітвязьням і іхным сем’ям, шукаю шляхі іх вызваленьня», — падкрэсьліла Гарбунова.
- Вольга Гарбунова — актывістка, былая кіраўніца арганізацыі «Радзіслава», якая дапамагала жанчынам, што пацярпелі ад хатняга гвалту.
- Гарбунову затрымалі 9 лістапада 2021 году, пасьля затрыманьня амаль два тыдні яна трымала галадоўку ў менскім CІЗА-1. 6 траўня 2021 году суд пастанавіў прызнаць Гарбунову вінаватай у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу) і пакараць абмежаваньнем волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу на тры гады. Актывістку адпусьцілі з-пад варты ў залі суду, яна пакінула Беларусь.
Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі
На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:
- Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
- Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
- Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
- Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
- І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.
У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:
- Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
- Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
- Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
- Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
- Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
- Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.
Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».
Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.
Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.