Расейскія ўлады ствараюць сыстэму «перавыхоўваньня» і лічбавага кантролю за дзецьмі, вывезенымі з Украіны ў Расею пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ў 2022-м. Пра гэта гаворыцца ў расьсьледаваньні выданьня Meduza, якое вывучыла дакумэнты Міністэрства адукацыі Расеі і ананімна паразмаўляла з чыноўнікамі ведамства.
Дакумэнты і чыноўнікі пацьвярджаюць, што гэта праграма выхаваньня ўкраінскіх дзяцей, якім кажуць, што яны ня вернуцца на радзіму. У той жа час чыноўнікі асьцерагаюцца, што ўкраінскія дзеці захаваюць нэгатыўнае стаўленьне да Расеі і ў будучыні выступяць супраць расейскай улады.
Менавіта масавы вываз дзяцей, які ўкраінскія ўлады называюць дэпартацыяй, стаў падставай для таго, каб Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэры на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці ў Расеі Марыі Львовай-Бяловай.
У дакумэнтах Міністэрства адукацыі, у прыватнасьці, гаворыцца, што перад расейскімі настаўнікамі стаіць задача «пераарыентацыі і фармаваньня расейскай тоеснасьці маладога пакаленьня» акупаваных тэрыторыяў Украіны. У прыватнасьці, трэба навучаць іх на расейскай аснове «духоўна-маральным каштоўнасьцям» і пазбаўляць «дэструктыўнай ідэалёгіі».
Пра гэтую «ідэалёгію», у прыватнасьці, гаворыцца ў дапаможніку «Прадухіленьне канфліктаў, праяў экстрэмізму і тэрарызму ў полікультурным адукацыйным асяродзьдзі» і ў прыкладзеным да яго слоўніку, які зьмяшчае словы і выразы, якія могуць ужываць украінскія дзеці і якія расейскія ўлады лічаць праявай нацыяналістычнай ідэалёгіі, у тым ліку вітаньне «Слава Ўкраіне» і нэгатыўныя ацэнкі Расеі і расейцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША далучыліся да кааліцыі дзеля вяртаньня вывезеных Расеяй украінскіх дзяцей і пакараньня вінаватыхУ іншай мэтадычцы пад назвай «Суправаджэньне падлеткаў, якія прыбылі з раёнаў баявых дзеяньняў», гаворыцца, што такія дзеці могуць праяўляць «пратэст», «капрызнасьць», «недавер да дарослых» і наогул не глядзець на падзеі «вачыма нэўтральнага назіральніка». У мэтадычцы сказана: калі бацькі дзіцяці загінулі або прапалі бязь вестак, настаўнік павінен наўпрост сказаць дзіцяці пра іх сьмерць і даць яму «перажыць эмоцыі». Прычыну перасяленьня дзяцей з Украіны рэкамэндуюць тлумачыць «ускладненьнем геапалітычнай сытуацыі».
Паводле дакумэнтаў, падчас вучобы ў школе ў дзіцяці павінна выпрацавацца «расейская самасьвядомасьць». Школьнік павінен набыць «пачуцьцё гонару за сваю краіну, патрыятызм, пачуцьцё прыналежнасьці да краіны».
Некалькі выкладчыкаў, зь якімі размаўляла Meduza, адзначаюць, што на практыцы гэтыя мэтады выкарыстоўваюцца не заўсёды. Па словах аднаго з супрацоўнікаў Міністэрства адукацыі, супрацоўнікі абмяркоўваюць паміж сабой, што ўкраінскія дзеці — патэнцыйныя тэрарысты.
«Мы не дэбілы — і разумеем, што Расея не прыйшла ва Ўкраіну „зь мірам і дабром“. І што дзеці, якіх вывезьлі адтуль у варожае асяродзьдзе, могуць пачаць супраціўляцца», — сказаў суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Глыбока ўстрывожаныя». Расейскі Чырвоны Крыж прасіў беларускіх калегаў узгадняць паездкі на акупаваныя тэрыторыі ЎкраіныЖурналісты таксама вывучылі справаздачы Міністэрства адукацыі «аб выяўленьні і ўладкаваньні дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў» за тры кварталы 2023 году і кажуць, што знайшлі доказы ўсынаўленьня дзяцей з акупаваных тэрыторый. Гаворка ідзе як мінімум пра дзясяткі дзяцей. Раней Львова-Бялова заяўляла, што расейцы нібыта ня могуць усынавіць дзіця з гэтых тэрыторый, а толькі ўзяць яго пад апеку.
Паводле Ўкраіны, больш за 20 тысяч украінскіх дзяцей падчас вайны апынуліся ў Расеі і на акупаваных тэрыторыях.
Раней беларуская служба Свабоды правяла расьсьледаваньне «адпачынку» вывезеных украінскіх дзяцей на тэрыторыі Беларусі.
Аляксандар Лукашэнка актыўна дапамагае Пуціну ў ідэалягічнай палітыцы, палітычным апрацоўваньні малых украінцаў і іх русыфікацыі. Гэта знайшло сваё пацьверджаньне падчас расьсьледаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбар бяз выбару. Як украінскія дзеці трапляюць у Беларусь на «адпачынак» і чым тут займаюцца