Улады зьбіраюцца зьліквідаваць «Беларускую асацыяцыю ахвяр палітычных рэпрэсій» і чарговую арганізацыю «чарнобыльцаў»

Менскі гарадзкі суд, архіўнае фота

Суды пра ліквідацыю пройдуць 20 і 22 сакавіка.

Менскі гарадзкі суд 20 сакавіка разгледзіць пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя ахвяр палітычных рэпрэсій», вынікае з раскладу на сайце электроннага судаводзтва, піша «Позірк».

Судзьдзя Натальля Пясенка пачне працэс, а 10-й гадзіне.

Згодна з Адзіным дзяржаўным рэгістрам юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, асацыяцыя зарэгістраваная 5 чэрвеня 1992 году.

Сярод іншага арганізацыя займаецца месцамі пахаваньня ахвяр сталінскіх рэпрэсій, удзельнічала ў абароне ўрочышча Курапаты пад Менскам. Паводле зьвестак спэцыялізаванага рэсурсу «Архівы Беларусі», у Нацыянальным архіве Беларусі захоўваюцца сабраныя асацыяцыяй у 1990-х гадах дакумэнты, у тым ліку ўспаміны рэпрэсаваных грамадзян і іх сем’яў, сьпісы рэпрэсаваных і рэабілітаваных грамадзян.

2 лютага Вярхоўны суд зьліквідаваў падобную арганізацыю — Беларускае грамадзкае аб’яднаньне ахвяр палітычных рэпрэсій 1920–80-хх гг., якое афіцыйна існавала з 29 лістапада 1999 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня мог уявіць, што ў 72 гады апынуся ў эміграцыі». Размова з дасьледчыкам «віцебскіх Курапатаў» Дзяржаўцавым

Згодна з інфармацыяй парталу электроннага судаводзтва, Менскі гарадзкі суд 22 сакавіка пачне разгляд пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі сацыяльна-экалягічнага грамадзкага аб’яднаньня «Цэнтар падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятыў». Арганізацыя зарэгістраваная 2 сакавіка 2009 году.

Летась увосень гэты ж суд задаволіў пазовы міністэрства аб закрыцьці дзьвюх іншых арганізацый, зьвязаных з дапамогай пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС, — грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі камітэт „Дзеці Чарнобыля“ (зьліквідаванае 20 кастрычніка) і грамадзкага аб’яднаньня „Крок ад Чарнобыля“ (20 лістапада).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аздараўленьне 600 тысяч дзяцей, праверкі КДБ. Як працаваў фонд «Дзеці Чарнобыля», адна зь першых НДА ў Беларусі