За люты па крымінальных палітычна матываваных справах у Беларусі асудзілі сама меней 129 чалавек: зь іх 46 жанчын і 83 мужчыны, сьведчаць папярэднія зьвесткі праваабарончага цэнтру «Вясна».
73 чалавек са 129 асудзілі паводле «народнага» артыкула 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак), у шэрагу выпадкаў — разам зь іншымі артыкуламі. На момант публікацыі праваабаронцам удалося даведацца толькі 13 прысудаў.
У лідэрах паводле палітычных прысудаў — Менск, там за месяц асудзілі 80 чалавек. Лічбы па абласьцях больш сьціплыя: Гомельская і Берасьцейская вобласьці — па 12 чалавек, Горадзенская — 9, Менская — 7, Магілёўская — 5, Віцебская — 4.
Завочныя суды
У лютым вынесьлі завочныя прысуды ў дачыненьні да 6 чалавек, якім улады прыпісваюць удзел у арганізацыі ByPol і яе мабілізацыйным пляне «Перамога»: завочна асудзілі Алега Талерчыка, Андрэя Астаповіча, Ігара Лобана, Мацьвея Купрэйчыка, Уладзімера Жыгара і Аляксандра Азарава. Ім прысудзілі ад 11 да 25 гадоў пазбаўленьня волі і буйныя сумы штрафаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынесьлі выракі ў завочным судзе ў «справе ByPol»: да 25 гадоў зьняволеньня. У ByPol адрэагаваліТаксама ў лютым СК паведаміў пра пачатак спэцыяльнага вядзеньня ў дачыненьні да дарадцы Сьвятланы Ціханоўскай Франка Вячоркі і пра тое, што ў суд перадалі завочную справу супраць Алены Жылачкінай, Паўла Лібера, Паўла Марыніча і Аляксандра Дабравольскага за «спробу зрыву рэфэрэндуму ў 2022 годзе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лібера, Жываглод, Дабравольскага і Марыніча будуць завочна судзіць за тое, што «перашкаджалі выбарам»
Таемныя суды
Праваабаронцы «Вясны» на працягу лютага назіралі абмежаваньне галоснасьці судовых разглядаў. Былі выпадкі, калі інфармацыя пра палітычныя суды зьяўлялася ўжо пасьля пачатку слуханьня справы. У раскладзе судовых паседжаньняў на сайце Вярхоўнага суду ў шэрагу выпадкаў не было зьвестак пра месца разгляду спраў палітвязьняў, а таксама пра дакладны час разгляду.
У лютым асудзілі сама меней 7 сем’яў
Пад крымінальны перасьлед у судах трапілі сама меней 7 сямейных пар або групаў сваякоў. У судзе Ленінскага раёну Горадні за «паклёп на адрас Лукашэнкі» судзілі Тацяну і Сяргея Чыжоў.
Паводле «народнага» 342 артыкула цягам лютага судзілі шэсьць семʼяў: пад перасьлед трапілі Ксенія і Аляксандар Ільлюкевічы, Ірына і Аляксандар Болатавы, Тацяна і Аляксей Цітовы, Сьвятлана і Андрэй Дзяружковы, Іна і Антон Падашулі (суд Кастрычніцкага раёну Менску), Іна і Мікалай Шляжко (суд Савецкага раёну Менску; вядома, што ім прысудзілі па 2 гады 6 месяцаў «хатняй хіміі»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 7 сакавіка: пастару Зарэцкаму зноў далі 15 сутак; затрыманых на мяжы мужа і жонку асудзілі за ўдзел у пратэстахПаўторныя суды
Супраць беларусаў і беларусак ужываюць паўторны і наступны крымінальны перасьлед з палітычных матываў. У лютым суд Цэнтральнага раёну Гомля разглядаў справу аб паклёпе (арт. 188 КК) у дачыненьні да юрыста Дзьмітрыя Багачэнкі. Год таму яго ўжо асудзілі паводле артыкула аб «распальваньні варожасьці» за інтэрнэт-камэнтары на 2 гады пазбаўленьня волі.
У судзе Лагойскага раёну разглядалі справу аб абразе прадстаўніка ўлады супраць Тацяны Сакалоўскай. Гэта ў дачыненьні да яе ўжо трэцяя справа. У кастрычніку 2022 году Тацяну Сакалоўскую асудзілі за «абразу прадстаўніка ўлады і судзьдзі» на 3 гады «хатняй хіміі». У студзені 2024 году ў судзе Барысаўскага раёну яе зноў судзілі за «абразу прадстаўніка ўлады», вынікі суду пакуль не вядомыя.
Перасьлед за данаты
У лютым СК фактычна пацьвердзіў вэрсію праваабаронцаў аб тым, што рэпрэсіі за данаты ў адрас нефармальных утварэньняў могуць зрушыцца ў «шэрую зону», нябачную грамадзянскай супольнасьці і незалежным СМІ.
16 лютага старшыня СК Дзьмітрый Гара заявіў, што летась беларусы пад пагрозай крымінальнага перасьледу за данаты «экстрэмістам» пералічылі на дабрачыннасьць 37 млн рублёў. Па вялікай суме, якую беларусы ўнесьлі наўзамен на спыненьне крымінальнага перасьледу, можна меркаваць, што колькасьць тых, хто трапіў пад рэпрэсіі, істотна перавышае зьвесткі, якімі могуць апэраваць праваабаронцы, адзначаецца ў лютаўскай справаздачы «Вясны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Летась беларусы пад пагрозай крымінальнага перасьледу пералічылі на дабрачыннасьць за данаты «экстрэмістам» 37 млн рублёў