Сьледчы камітэт Беларусі 27 сьнежня распачаў спэцыяльнае вядзеньне ў дачыненьні да апазыцыйных палітыкаў і актывістаў Алены Жываглод, Аляксандра Дабравольскага, Паўла Лібера і Паўла Марыніча, паведамілі ў прэс-службе ведамства.
Усіх чатырох абвінавачваюць па ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэкса (перашкаджэньне ажыцьцяўленьню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэфэрэндуме, або рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян, або працы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, выбарчых камісій, камісій па рэфэрэндуме, камісій па правядзеньні галасаваньня аб адкліканьні дэпутата, учыненае групай асоб па папярэдняй змове або службовай асобай з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў).
СК паведамляе, што ім неабходна зьявіцца па адрасе: г. Менск, вул. Першамайская, 7. Ведамства таксама заявіла, што пачатак спэцвядзеньня ўзгоднены генпракурорам.
Жываглод, Дабравольскі, Лібер і Марыніч знаходзяцца за мяжой.
- Павал Лібер — распрацоўнік плятформы «Голас» і сузаснавальнік праекту «Новая Беларусь», Алена Жываглод — кіраўніца ініцыятывы «Честные люди», Аляксандар Дабравольскі — сябра Каардынацыйнай рады, старшы палітычны дарадца Ціханоўскай, Павал Марыніч — кіраўнік «Маланка Медыя».
- Спэцыяльнае вядзеньне — вядзеньне па крымінальнай справе ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Яно можа весьціся па 34 складах злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага, гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дывэрсія, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі і заклікі да санкцый.