Пасольства Беларусі ў Баўгарыі пракамэнтавала візыт у Сафію дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай. На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х (былы Twitter) яе абазвалі «злачынцай».
«Найлепшая падтрымка Беларусі — захаваньне асноўных прынцыпаў міжнароднага права, у тым ліку неўмяшаньне ўва ўнутраныя справы і павага сувэрэнітэту. Мы заклікаем вярнуцца да канструктыўнага дыялёгу, заснаванага на партнэрстве і ўзаемнай павазе», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай 6 сакавіка.
Галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка ў камэнтары «Позірку» адзначыў, што «беларуска-баўгарскім адносінам ніхто не нашкодзіў так, як рэжым Лукашэнкі, і падчас візыту мы гэта бачылі. Адыёзная дыпляматыя з боку гэтай амбасады, на жаль, толькі шкодзіць успрыманьню беларусаў у Баўгарыі».
Паводле яго, «адсылка да захаваньня міжнароднага права ад прадстаўнікоў рэжыму, якія патапталіся па міжнародных нормах і дамовах, выглядае сьмешна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ня проста візыт, гэта місія навядзеньня мастоў». Ціханоўская наведвае Баўгарыю зь першым візытамСьвятлана Ціханоўская наведвала Баўгарыю з афіцыйным візытам 4–5 сакавіка. Яна правяла шэраг сустрэч з баўгарскімі палітыкамі, у тым ліку з прэм’ер-міністрам Нікалаем Дэнкавым, кіраўніцай МЗС Марыяй Габрыель, сьпікерам Нацыянальнага сходу Расэнам Жэлязкавым, былым прэм’ерам, кіраўніком парлямэнцкага камітэту ў справах Эўропы Кірылам Петкавым, мэрам Сафіі Васілам Тэрзіевым, намесьнікам міністра юстыцыі Эмілам Дэчавым, дарадцам міністра ў эўрапейскіх справах Стэфанам Тафравым.
3 сакавіка, за дзень да візыту Ціханоўскай у Баўгарыю, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатоўнасьць да аднаўленьня «канструктыўнага супрацоўніцтва» з Баўгарыяй, «у першую чаргу ў гандлёвай і гуманітарнай сфэрах». Віншуючы 3 сакавіка народ гэтай краіны з Днём вызваленьня ад асманскага прыгнёту, ён выказаў упэўненасьць, што збліжэньню Менску і Сафіі будуць спрыяць «духоўная блізкасьць, сымпатыя і павага паміж беларускім і баўгарскім народамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральнае консульства Беларусі ў расейскім Растове-на-Доне з ахопам акупаваных тэрыторый Украіны адкрыецца да ліпеня