Хусіты зноў абстралялі гандлёвы карабель у Адэнскай затоцы балістычнай супрацькарабельнай ракетай, якую запусьцілі зь Емэну.
Гэта паведаміла служба навін «Голасу Амэрыкі» з спасылкай на Цэнтральнае камандаваньне ЗША (CENTCOM).
Хусіцкія баевікі, якіх падтрымлівае Іран, атакуюць гандлёвыя караблі зь сярэдзіны лістапада 2023 году. За апошнія два дні хусіты запусьцілі пяць балістычных ракет па Адэнскай затоцы — побач з Баб-эль-Мандэбскай пратокай.
Цяпер ракета пацэліла ў карабель True Confidence, які ішоў пад сьцягам Барбадасу, але належыць Лібэрыі. Раненьні атрымалі чатыры чальцы экіпажу, тры зь іх у крытычным стане. Атака прымусіла маракоў пакінуць карабель.
Амэрыканскі ракетны крэйсэр USS Philippine Sea спрабаваў дапамагчы ў выратаваньні. Першым на месца абстрэлу прыбыў індыйскі карабель-зьнішчальнік.
Зь сярэдзіны лістапада 2023 году ад нападаў хусітаў пацярпела больш за 10 гандлёвых караблёў, у тым ліку два грузавыя, адзін зь якіх вёз збожжа ў Емэн, а другі — у Іран. Яшчэ адзін карабель, на якім перавозілі ўгнаеньні, патануў у выніку атакі хусітаў.
«Мы бачым рызыкі для маёмасьці, жыцьця, экалёгіі ў гэтым раёне ад працягу дзеяньняў. Мы заклікаем хусітаў спыніць усе атакі супраць міжнароднага суднаходзтва ў Чырвоным моры», — сказаў прадстаўнік ААН Стэфан Дзюжарык.
Кааліцыя з прыкладна двух дзясяткаў краін, у тым ліку ЗША і Вялікай Брытаніі, зь сярэдзіны студзеня працуе над запэўненьнем бясьпекі рэгіёну ад атак хусітаў.
Узброеныя сілы ЗША і Вялікай Брытаніі правялі некалькі супольных апэрацыяў супраць хусітаў, а ЗША амаль штодзень спрабуюць зьнішчыць ракеты і дроны, якія запускаюць хусіты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адзін карабель гарыць пасьля нападу хусітаў каля берагоў Емэну5 сакавіка хусіты атакавалі амэрыканскі зьнішчальнік USS Carney, які зьбіў дроны і адну супрацькарабельную балістычную ракету хусітаў.
Актыўнасьць хусітаў не абмяжоўваецца толькі нападамі на гандлёвыя вадаплавы. Трэцяга сакавіка стала вядома, што ў выніку іхных дывэрсіяў у Адэнскай затоцы пашкоджаныя некалькі падводных кабэляў хуткай перадачы дадзеных, ад якіх залежыць функцыянаваньне інтэрнэту ў рэгіёне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і Брытанія нанесьлі новыя сумесныя ўдары па хусітах у ЕмэнеПраз Чырвонае Мора, Баб-эль-Мандэбскую пратоку і Адэнскую затоку праходзіць каля 12% усяго гандлёвага суднаходзтва ў сьвеце, у тым ліку каля 30% усіх кантэйнэрных перавозак. Пасьля пачатку нападаў хусітаў на гандлёвыя судны многія суднаходныя кампаніі мусілі выбіраць іншыя маршруты, што значна зацягвае і падаражае перавозкі.
Ісламская радыкальная групоўка хусітаў «Ансар Ала» кантралюе паўночную частку Емэну, уключаючы частку марскога ўзьбярэжжа. Створаны імі ўрад не прызнаны пераважнай большасьцю краін сьвету.
У канцы мінулага году хусіты абвясьцілі, што далучаюцца да вайны супраць Ізраілю на баку групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнаю у ЗША і Эўразьвязе, і сталі абстрэльваць гандлёвыя судны ў Чырвоным моры.
Пры гэтым яны атакуюць сухагрузы і танкеры, якія ня маюць дачыненьня да Ізраілю. Так, кантэйнэравоз MSC Sky II, пашкоджаны сёньня ракетамі, ходзіць пад сьцягам Лібэрыі і належыць швайцарскай кампаніі-перавозьніку MSC. З Ізраілем ні карабель, ні кампанія-ўладальніца ніяк не зьвязаныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што трэба ведаць пра хусітаў, атакі кааліцыі ЗША на іх цэлі ў Емэне і праблему суднаходзтва ў Чырвоным моры