ЗША і Вялікая Брытанія нанесьлі новую сэрыю сумесных удараў па аб’ектах хусітаў у Емэне.
Па зьвестках емэнскіх СМІ, удары наносілі па сталіцы Сані і іншых раёнах краіны. Як паведамляе тэлеканал Al-Masirah, цэльлю стала, сярод іншага, вайсковая база Аль-Дайламі на паўноч ад сталіцы, якую кантралююць хусіты.
Гэта ўжо восьмы ўдар ЗША па цэлях у Емэне і другая сумесная апэрацыя зь Вялікай Брытаніяй у адказ на паветраныя ўдары хусітаў па караблях у Чырвоным моры, якія не спыняюцца цягам двух месяцаў.
Хусіты, якія падтрымліваюцца Іранам, абстрэльваюць міжнародныя судны, якія, на іх думку, зьвязаныя з Ізраілем і праходзяць па важным гандлёвым маршруце праз Чырвонае мора. Хусіты патрабуюць ад Ізраіля спыненьня ваеннай апэрацыі ў Газе як умовы спыненьня гэтых нападаў.
Шматлікія папярэджаньні з боку ЗША і іх саюзьнікаў аб неабходнасьці спыніць такія дзеяньні не прынесьлі вынікаў.
Злучаныя Штаты і Брытанія ноччу 12 студзеня нанесьлі ўдары з паветра і мора па вайсковых абʼектах хусітаў у Емэне ў адказ на напады руху на судны ў Чырвоным моры. Злучаныя Штаты таксама ўнесьлі хусітаў у сьпіс «Глябальных тэрарыстычных груп».
Як гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамэнту, гэтае рашэньне прынята ў адказ на «беспрэцэдэнтныя атакі хусітаў» на грузавыя судны ў Чырвоным моры і Адэнскім заліве, а таксама на вайсковыя караблі, якія ахоўваюць судны.